Расея год рыхтавала напад на Украіну. Хроніка падзеяў


З 2014 года расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Украіны жартам называлі «ихтамнеты» – Расея адмаўляла ўдзел у канфлікце на Данбасе і не адразу прызнала, што «зялёныя чалавечкі» ў Крыме былі расейскімі вайскоўцамі. Цяпер «они там есть» афіцыйна.

На НСК «Алімпійскі» разгарнулі вялікі дзяржаўны сцяг Украіны на 200 метраў.
Акцыя з вялікім сцягам адбываецца ў межах святкавання Дня адзінства. Кіеў, Украіна. 16 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Канфлікт у асобных раёнах Данецкай і Луганскай вобласцяў Украіны не спыняўся з 2014 года: маштабных баявых дзеянняў не было з часу Менскіх пагадненняў 2015 года, але абстрэлы і страляніна на лініі размежавання былі ўвесь час. У 2021 годзе канфлікт абвастрыўся. Вось падзеі, якія выглядаюць галоўнымі.

Канец сакавіка 2021 года. На мяжы кантраляваных Украінаю тэрыторыяў з «ДНР і ЛНР» узмацніліся абстрэлы, украінскія ўлады заяўлялі пра пагрозу поўнамаштабнага канфлікту. Кіраўнікі Францыі ды Нямеччыны вядуць перамовы з Уладзімірам Пуціным.

Красавік 2021 года. Украіна вінаваціць Расею ў нарошчванні групоўкі войскаў на мяжы. Расея ж заяўляе, што гэта Украіна перакідвае дадатковыя войскі да зоны канфлікту, а сама перасоўвае войскі «ў межах вучэнняў». Кіраўнікі міністэрстваў абароны і замежных справаў краінаў NATO ладзяць экстраную нараду.

13 красавіка 2021 года. Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн тэлефануе Пуціну, выказвае прыхільнасць суверэнітэту Украіны, Пуцін адказвае прапановамі палітычна ўрэгуляваць на аснове менскіх пагадненняў. Напружанасць паступова спадае, 22 красавіка Расея завяршае «раптоўнае правяранне войскаў».

16 чэрвеня 2021 года. Байдэн і Пуцін сустракаюцца ў Жэневе. Пуцін ацаніў перамовы як «канструктыўныя». Байдэн кажа, што Пуцін не хоча халоднай вайны з ЗША.

Абноўлена
Джоўзэф Байдэн і Уладзімір Пуцін правялі перамовы ў Жэневе. Онлайн
2021.06.16 13:01

26 кастрычніка 2021 года: Украіна ўпершыню ўжывае турэцкі ўдарны беспілотнік «Bayraktar» супраць артылерыі баевікоў «ДНР».

2 лістапада 2021 года: Пуцін кажа, што сочыць за выкарыстаннем гэтых беспілотнікаў «каля межаў Расеі». Рэжым спынення агню на Данбасе парушаюць усё часцей. Дырэктар амерыканскага ЦРУ прыязджае ў Маскву на перамовы.

13 лістапада 2021 года. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заяўляе, што Расея сабрала на мяжы з Украінаю групоўку 100 тысяч вайскоўцаў. Расея адмаўляе, што збіраецца нападаць, і патрабуе ад NATO прыпыніць пастаўкі сучаснай зброі ва Украіну.

20 лістапада 2021 года. Прадстаўнікі заходніх спецслужбаў расказваюць пра планы Крамля на ўварванне ва Украіну, у тым ліку з беларускай тэрыторыі.

Hавiны
Спецслужбы сцвярджаюць, што Крэмль рыхтуе ўварванне ва Украіну, у тым ліку праз Беларусь
2021.11.21 15:50

15 снежня 2021 года. Расея выстаўляе NATO патрабаванні пра «гарантыі бяспекі», асноўнае з якіх – адмовіцца ад далучэння да альянсу новых удзельнікаў, у прыватнасці Украіны і Грузіі.

14 студзеня 2022 года. Адбываецца моцная кібератака на ўкраінскія ўрадавыя ўстановы, адказнымі лічаць расейскіх хакераў. Афіцыйны прадстаўнік Пэнтагону кажа, што Расея працуе над стварэннем нагоды для нападу на Украіну.

18 студзеня 2022 года. Паведамляюць, што Расея накіравала ў Беларусь нявызначаную колькасць вайскоўцаў. Афіцыйна – на беларуска-расейскія вучэнні, запланаваныя на люты. Таксама Расея працягвае сцягваць войскі на сваёй тэрыторыі ля мяжы з Украінаю.

21 студзеня 2022 года. Краіны Балтыі пацвярджаюць адпраўку Украіне амерыканскіх супрацьтанкавых і зенітных комплексаў. ЗША абяцаюць перадаць Украіне баявыя верталёты. Да таго ЗША ўхвалілі дадатковыя $ 200 мільёнаў вайсковай дапамогі Украіны на дадатак да дапамогі на $ 650 мільёнаў, вылучаных у 2021 годзе.

Другая палова студзеня 2022 года. Трываюць безвыніковыя перамовы ЗША, NATO і АБСЕ з Расеяй. NATO перакідвае дадатковыя сілы ва Усходнюю Еўропу. Ва Украіне кажуць, што Расея можа напасці на Украіну 20 лютага. Заходнія краіны эвакуююць з Украіны дыпламатаў ды іхныя сем’і.

Hавiны
Новая дата нападу, расейскія марпехі ў Беларусі і ўзмацненне сілаў NATO. Хронікі вайсковай эскалацыі
2022.01.26 01:13

1 лютага 2022 года. Пуцін кажа, што патрабаванні Расеі праігнараваныя: «Мы не пабачылі адэкватнага адказу».

Першая палова лютага 2022 года. Перамовы з Пуціным вядуць кіраўнікі Брытаніі, Францыі, Нямеччыны, ЗША. Шэраг заходніх краінаў заклікае сваіх грамадзянаў пакінуць Украіну.

10 лютага 2022 года. У Беларусі пачынаюцца расейска-беларускія вайсковыя вучэнні «Саюзная рашучасць». Яшчэ да пачатку вучэнняў расейскіх вайскоўцаў бачылі далёка ад палігонаў вучэнняў.

11–12 лютага 2022 года. Амерыканскае агенцтва «Bloomberg» піша, што імаверная дата нападу Расеі на Украіну – 11 лютага, нямецкі часопіс «Spiegel» са спасылкай на ЦРУ дае дату 16 лютага. Крэмль кажа, што ЗША «нагнятаюць істэрыю».

Другая дэкада лютага 2022 года. Над Украінаю прыпыняе палёты шэраг авіякампаніяў. Расея сцвярджае, што адводзіць войскі ад беларускай мяжы, але адмаўляецца ад сустрэчы ў АБСЕ, прапанаванай Украінаю.

Hавiны
Вайна ў «любы момант», эвакуацыя і перамовы. Хроніка вайсковай эскалацыі
2022.02.15 09:27

16 лютага 2022 года. Расея не нападае, Украіна святкуе Дзень адзінства. На Данбасе павышаецца колькасць парушэнняў рэжыму спынення агню.

18 лютага 2022 года. На Данбасе абвясцілі масавую эвакуацыю насельніцтва «ДНР» і «ЛНР» у Расею (звароты кіраўнікоў «ДНР» і «ЛНР», як выявілася са звестак пра відэафайлы, былі запісаныя 16 лютага). Пачынаецца Мюнхенская канферэнцыя ў справе бяспекі. Баевікі на Данбасе абстрэльваюць канвой з гуманітарнаю дапамогай ААН.

19 лютага 2022 года. У «ДНР» і «ЛНР» абвяшчаюць усеагульную мабілізацыю. Прэзідэнт ЗША кажа, што Пуцін ужо пастанавіў напасці, атака можа адбыцца цягам тыдня.

20 лютага 2020 года. Расейскія войскі не пакідаюць Беларусі па заканчэнні вучэнняў. Беларускі бок кажа, што так дамовіліся з Расеяй «у сувязі з абвастрэннем сітуацыі ва Украіне».

Аналітыка
Правакацыі і мабілізацыя на Данбасе, расейскія войскі застаюцца ў Беларусі. Хроніка эскалацыі
2022.02.21 17:01

21 лютага 2022 года. Пуцін прызнае незалежнасць «ДНР» і «ЛНР», гэта значыць і ўвядзенне войскаў на Данбас. Як высветліцца са звестак відэафайлаў, прамова Пуціна пра пачатак вайны 24 лютага запісаная ў гэты ж дзень. Праходзіць надзвычайнае паседжанне Рады Бяспекі ААН, практычна ўсе асуджаюць дзеянні Расеі.

22 лютага 2022 года. ЗША і Вялікая Брытанія ўводзяць новыя санкцыі супраць Расеі за прызнанне «ЛНР» і «ДНР», а Нямеччына часова спыняе сертыфікацыю газаправоду «Паўночная плынь – 2».

23 лютага 2022 года. Ва Украіне пачынаюць мабілізацыю рэзервістаў, уводзяць надзвычайнае становішча. Расея эвакуюе дыпламатаў з Украіны.

Фота
А заўтра пачалася вайна… Як выглядаў Кіеў у апошні дзень перад нападам Расеі
2022.02.24 09:34

24 лютага 2022 года, 4:50 паводле кіеўскага часу. Пуцін абвяшчае «пачатак спецыяльнай аперацыі» – напад Расеі на Украіну.

Алесь Наваборскі belsat.eu

 

Стужка навінаў