Больш за палову беларусаў – за мірныя перамовы. Эксперты – пра страхі беларусаў і стаўленне да вайны


Цэнтр новых ідэяў разам з «Chatham House» запусціў серыю дакладаў пад назваю «Belarus Narratives», каб не толькі расказаць пра тое, што думаюць беларусы пра ключавыя пытанні, якія фармуюць штодзённасць, але і растлумачыць, чаму беларусы так думаюць. Ключавою падзеяй, што вызначыць будучыню Усходняй Еўропы, ёсць расейская вайна супраць Украіны, таму серыя пачынаецца менавіта з яе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі пратэстуюць супраць вайны Расеі ва Украіне. Вільня, Літва. 27 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Аўтарамі справешчання аб стаўленні беларусаў да вайны і фактарах страху былі палітолаг Рыгор Астапеня, сацыёлагі Філіп Біканаў, Лізавета Каўцяк і Канстанцін Несцяровіч. З 8 да 14 лістапада 2023 года шляхам онлайн-анкетавання было апытана 868 рэспандэнтаў – карыстальнікаў інтэрнэту, жыхароў беларускіх гарадоў. Акрамя гэтага, цягам восені былі праведзеныя 35 глыбінных інтэрв’ю з беларусамі. Распавядаем вынікі.

Антываенны кансэнсус

Беларусы падзеленыя ў сваім стаўленні да вайны РФ супраць Украіны. Эксперты канстатуюць: у Беларусі ёсць мільёны тых, хто падтрымлівае ваенныя дзеянні, і мільёны тых, хто іх асуджае. Прыхільнікаў дзеянняў Расеі – меншасць. Прычым, адказваючы на такія пытанні, пад дзеяннямі расейскай арміі беларусы маюць на ўвазе не ваенныя дзеянні як такія, а хутчэй ідэалагічныя прычыны нападу на Украіну. Напрыклад, лічаць, што Расея «была вымушаная» гэта зрабіць, і перакладаюць віну за вайну на Захад.

Прапорцыі прыхільнікаў і праціўнікаў дзеянняў Расеі практычна не змяніліся амаль за два гады вайны. Гэта сведчыць аб сталым падзеле ў беларускім грамадстве і звязана з палярызацыяй грамадскай думкі, калі два бакі маюць устойлівыя супрацьлеглыя пазіцыі ў цэлым шэрагу грамадска-палітычных пытанняў. Таксама ёсць мільёны тых, хто не можа адказаць на пытанні аб канфлікце. Расейская вайна ва Украіне – гэта маральна і эмацыйна складаная тэма для беларусаў, што матывуе пазбягаць яе абмеркавання.

Падтрыманне ваенных дзеянняў РФ ва Украіне. Прэзентацыя даследавання «Погляды беларусаў на вайну і ўплыў фактару страху». Крыніца: chathamhouse.org

У Беларусі захоўваецца сацыяльны канфлікт, які суправаджаецца глыбокімі супярэчнасцямі ў поглядах паміж прыхільнікамі і праціўнікамі рэжыму. Беларусы па-рознаму глядзяць на замежную палітыку, нацыянальную ідэнтычнасць і гісторыю, маюць розныя сацыяльна-палітычныя каштоўнасці і прававую культуру. Аднак абодва бакі канфлікту адзіныя ў думцы, што беларускае войска не павінна ўдзельнічаць у вайне Расеі супраць Украіны.

У беларускім грамадстве сфармаваны антываенны кансэнсус. Нават прыхільнікі вайны, перакананыя прыхільнікі рэжыму і прыхільнікі саюзу з Расеяй не жадаюць, каб Беларусь удзельнічала ў вайне. Як паказваюць глыбінныя інтэрвʼю, такая пазіцыя часта звязаная з непрыманнем гвалту на каштоўнасным узроўні. А таксама выкліканая страхам, што вайна пачнецца і ў Беларусі.

У нежадання вайны з Украінай ёсць шмат прычынаў. Частка людзей адчувае адзінства з Украінай, дзе шмат у якіх беларусаў жывуць сваякі і сябры. Частка людзей лічыць напад на Украіну абуральным і ўсведамляюць катастрафічныя наступствы ўдзелу ў ваенных дзеяннях. Іншыя думаюць, што гэтая вайна «не нашая», бачаць рэальную прычыну канфлікту ў супрацьстаянні NATO і Расеі.

Скрыншот з прэзентацыі даследавання «Погляды беларусаў на вайну і ўплыў фактару страху». Крыніца: chathamhouse.org

Больш за палову беларусаў – за неадкладнае спыненне вайны

Медыяспажыванне беларусаў і стаўленне да вайны Расеі ва Украіне ўзаемазвязаныя. Аўдыторыя дзяржаўных СМІ часцей падтрымлівае дзеянні расейскай арміі, а недзяржаўных СМІ – часцей выступае супраць. Палярызацыя грамадскай думкі ў Беларусі абумоўленая тым, што прыхільнікі розных бакоў канфлікту застаюцца ў ізаляцыі ў інфармацыйных бурбалках і лічаць, што яны рэпрэзентуюць большасць.

Наогул жа, беларускае грамадства ў цэлым з недаверам ставіцца да любой інфармацыі аб вайне ва Украіне.

Скрыншот з прэзентацыі даследавання «Погляды беларусаў на вайну і ўплыў фактару страху». Крыніца: chathamhouse.org

Што да мэтаў Украіны, большасць (27 %) лічыць, што краіна хоча ўступіць у ЕЗ і NATO. Крыху менш (24 %) кажуць аб жаданні Украіны захаваць незалежнасць і столькі ж – аб жаданні аднавіць сваю тэрыторыю ў межах 1991 года.

Скрыншот з прэзентацыі даследавання «Погляды беларусаў на вайну і ўплыў фактару страху». Крыніца: chathamhouse.org

На фоне адсутнасці вынікаў украінскага наступлення расце доля тых, хто лічыць дзеянні расейскіх войскаў эфектыўнымі, а ўкраінскіх – неэфектыўнымі. Дынаміку ў бок расейскіх войскаў забяспечвае ў тым ліку аўдыторыя недзяржаўных СМІ.

На фоне змены ўяўленняў аб эфектыўнасці ўзброеных сілаў краінаў – удзельніц вайны зніжаецца доля тых, хто верыць у перамогу Украіны. У той жа час доля тых, хто лічыць, што пераможа Расея, застаецца нязменнай.

Больш за палову беларускіх гараджанаў выступаюць за неадкладнае спыненне вайны і мірныя перамовы. Толькі сярод аўдыторыі недзяржаўных СМІ пераважаюць прыхільнікі ідэі, што вайна павінна скончыцца выключна перамогай аднаго з бакоў – Украіны.

Пазіцыя Лукашэнкі ў вайне ўспрымаецца палярна. Сярод аўдыторыі дзяржаўных СМІ (і ў меншай ступені – нейтральнай аўдыторыі) папулярныя тэзісы пра ролю Лукашэнкі ў захаванні міру ў Беларусі. Сярод аўдыторыі недзяржаўных СМІ дамінуе ўпэўненасць у тым, што ён падвяргае краіну небяспецы.

NATO і ЕЗ – немагчымы варыянт. Застаецца Расея

Апытанні ў Беларусі могуць недаацэньваць думкі адносна ўступлення ў Еўразвяз або заняцце крытычнай пазіцыі ў адносінах да Расеі. Эксперты кажуць: аналіз глыбінных інтэрвʼю паказвае, што, выказваючыся пра падтрыманне аднаго з міжнародных саюзаў або пра магчымыя дзеянні Беларусі ў вайне, людзі гавораць не проста свае сімпатыі або пажаданні аб ідэальным становішчы рэчаў. Замест гэтага рэспандэнты зыходзяць са здагадкі, што некаторыя варыянты (напрыклад, уступленне ў ЕЗ) проста немагчымыя, таму яны не выбіраюць іх у апытаннях. На думку тых, хто ўдзельнічаў у інтэрвʼю, Беларусь не можа больш быць нейтральнай, бо для бяспекі патрэбныя саюзнікі, аднак выбару няма – «толькі Расея гатовая падтрымліваць Беларусь». Прычым гэта датычыцца як вайсковых, так і гандлёвых адносінаў.

Эксперты робяць выснову: Еўропа ізалюецца ад Беларусі, адштурхоўвае беларусаў ад ЕЗ і падштурхоўвае да Расеі. І нават калі беларусам хацелася б бачыць Беларусь больш еўрапейскай, яны не лічаць гэта магчымым.

Скрыншот з прэзентацыі даследавання «Погляды беларусаў на вайну і ўплыў фактару страху». Крыніца: chathamhouse.org

Партрэт беларуса, які падтрымлівае ваенныя дзеянні Расеі

Прыхільнікі Расеі – гэта часцей мужчыны, чым жанчыны, прычым у асноўным гэта людзі старэйшых пакаленняў: амаль палова з іх мае ўзрост больш за 55 гадоў. Тыя, хто падтрымліваюць расейскае войска, часцей жывуць у рэгіёнах, а не ў Менску. Большасць – у гарадах сярэдняга памеру з насельніцтвам 50–250 тысяч чалавек. Прыхільнікі ваенных дзеянняў Расеі часцей, чым людзі з іншай пазіцыяй, маюць сярэднюю спецыяльную і прафесійна-тэхнічную адукацыю.

Такім чынам, сацыяльна-дэмаграфічны партрэт прыхільніка Расеі ў вайне – гэта мужчына з рэгіёнаў, старэйшага веку і з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй.

Партрэт беларуса, які не падтрымлівае ваенных дзеянняў Расеі

Праціўнікі дзеянняў расейскай арміі ва Украіне адрозніваюцца ад людзей з іншай пазіцыяй больш высокім узроўнем адукацыі: амаль палова з іх маюць вышэйшую. Такія людзі часцей жывуць у Менску, радзей у абласных цэнтрах і гарадах сярэдняга памеру. Сярод праціўнікаў дзеянняў Расеі паніжаная доля самай пажылой узроставай групы.

Такім чынам, тыповы сацыяльна-дэмаграфічны партрэт праціўніка дзеянняў Расеі ва Украіне – гэта чалавек сярэдняга і маладога ўзросту, які жыве ў Менску і мае вышэйшую адукацыю.

Партрэт беларуса, які не мае дакладнай пазіцыі пра ваенныя дзеянні Расеі

Значная частка беларусаў у адказ на пытанні пра вайну выбірае варыянт «цяжка адказаць». Тыповы сацыяльна-дэмаграфічны партрэт чалавека, які не мае пэўнага стаўлення да дзеянняў расейскага войска ва Украіне, – гэта жанчына малодшага або сярэдняга ўзросту, якая жыве ў рэгіёнах і мае сярэднюю адукацыю.

Скрыншот з прэзентацыі даследавання «Погляды беларусаў на вайну і ўплыў фактару страху». Крыніца: chathamhouse.org

Пра што баяцца гаварыць беларусы

Фактар страху – гэта боязь рэспандэнтаў выказваць пазіцыю, якая ідзе ўразрэз з афіцыйнай палітыкай ці нават пераследуецца дзяржавай.

Пытанні, звязаныя з унутраным палітычным жыццём Беларусі і даверам да ўладных інстытутаў, часта выклікаюць напружанне. Самая праблематычная тэма для апытанняў – выбары і пратэсты 2020 года. Тэма вайны падаецца менш небяспечнай. Эксперты адзначаюць, што пераважная частка рэспандэнтаў выступае за мірнае развязанне канфлікту і няўдзел Беларусі ў вайне. Паколькі афіцыйны дыскурс уяўляецца ім адносна міратворчым, вялікіх асцярог выказваць свой рэальны пункт гледжання беларусы не адзначалі. Значных асцярог не выклікае і падтрыманне аднаго з бакоў, бо «гэтая вайна не ёсць унутранай справай Беларусі». Пры гэтым нейтральнасць пазіцыі рэспандэнтаў інтэрвʼю часта звязаная з тым, што блізкія гэтых людзей жывуць і ва Украіне, і ў Расеі, таму цяжка выбраць бок.

Палітыка і вайна не абмяркоўваюцца не толькі з прычыны страху, але і з прычыны сваёй таксічнасці: акрамя боязі сутыкнуцца з рэпрэсіўнымі дзеяннямі (звальненне, вымова, гутарка з супрацоўнікамі КДБ), людзі асцерагаюцца выказваць думкі і сярод родных і знаёмых, каб пазбегчы канфліктаў.

Аналітыка
Беларусы любяць Беларусь, але кожны па-свойму: эксперты – пра нашую нацыянальную свядомасць
2023.12.16 07:00

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў