У Чырвоны касцёл пусцілі святароў. Яны паказалі, як святыня выглядае пасля пажару


Упершыню пасля пажару ў Чырвоным касцёле, які адбыўся ў канцы верасня, пусцілі прадстаўнікоў улады і святароў. 19 снежня яго наведалі ўпаўнаважаны ў справах рэлігіі і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак, прадстаўнікі Менскага гарвыканкаму, «Менскай спадчыны», МНС. З боку касцёлу былі нунцый Антэ Ёзыч, мітрапаліт Юзаф Станеўскі, ксёндз Юрый Санько і некаторыя іншыя святары.

Чырвоны касцёл пасля пажару.
Фота: chyrvony.by

Прадстаўнікам жа Касцельнага камітэту не дазволілі ўзяць удзелу ў аглядзе, нягледзячы на ліст ад «Менскай спадчына», у якім ёсць канкрэтнае распараджэнне пра дазвол уваходу ў касцёл прадстаўнікам касцельнай грамады. Касцельны камітэт – гэта асобы, якіх выбралі парафіяне і даверылі клопат пра святыню, якія нясуць поўную адказнасць перад парафіяльнаю супольнасцю і дзяржаваю.

Са сведчанняў святароў, цяпер у касцёле гэтак:

  • у зале для богаслужэння няма слядоў узгарання, дыму і сажы – касцёл чысты і прыгожы, прыдатны для набажэнстваў;
  • у касцёле цёпла, гарачыя батарэі, але пры гэтым ува ўсіх лістах, якія атрымліваў камітэт ад дзяржаўных установаў, паведамлялася, што ацяплення ў касцёле няма;
  • у закрыстыі агнём пашкоджаны кленчнік і крыж над ім, якія месцяцца якраз насупраць разбітага вітражнага акна, у столі над крыжам выбітая дзірка;
  • ува ўсім касцёле, галерэі і скляпеннях не адчуваецца пах дыму, усюды чыста і цёпла, мноства жывых вазонаў.
Чырвоны касцёл пасля пажару.
Фота: chyrvony.by
Чырвоны касцёл пасля пажару.
Фота: chyrvony.by
Чырвоны касцёл пасля пажару.
Фота: chyrvony.by

На думку святароў, патрэбны рамонт толькі самой закрыстыі, які можна выканаць за кароткі тэрмін. Парафія гатовая зрабіць яго за ўласныя сродкі, на ахвяраванні вернікаў. Аднак «Менская спадчына» патрабуе закрыць касцёл на рамонт, працягласць якога нават не вызначаная.

Таксама паведамляюць, што было дазволена забраць свае карціны мастакам, выстава якіх была ў Белай зале касцёлу, прадстаўнікам тэатру «Зніч». Двум святарам-вікарыям дазволілі забраць асабістыя рэчы, да якіх яны не мелі доступу з моманту ўзгарання.

Пажар у касцёле Святых Сымона і Алены здарыўся ў ноч на 26 верасня. Невядомыя таксама пабілі шыбу ў святыні. І хоць афіцыйна плошча пажару склала ўсяго 20 квадратных метраў, будынак пастанавілі закрыць «на рамонт». Паралельна адлучылі ўсе камунікацыі, а ў каталікоў забралі ключы ад касцёлу, павесіўшы на дзверы пломбы.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў