Маці, жонкі і блізкія абаронцаў «Азоўсталі» не ведаюць, чаго ім чакаць. Тэлефонная лінія Чырвонага Крыжа ўвесь час занятая. Прозвішчы многіх байцоў сваякі не знаходзяць у спісе эвакуяваных. А маці тых, хто трапіў у рукі расейцаў, асцерагаюцца жорсткага абыходжання з сынамі ды нават самага страшнага – расстрэлу…
20 траўня ў Міністэрстве абароны РФ заявілі аб усталяванні поўнага кантролю над тэрыторыяй «Азаўсталі». Міністр абароны Сяргей Шайгу адсправаздачыўся аб гэтым Уладзіміру Пуціну. Паводле расейскага боку, у палон трапілі 2439 украінскіх вайскоўцаў, якія трымалі абарону «Азаўсталі», у тым ліку камандзір палка «Азоў».
«У спісах тых, каго вывезлі, майго мужа няма. Я не ведаю, дзе ён і што з ім, я наагул пра яго цяпер нічога не ведаю. Сувязі з Аляксеем не маю больш за месяц. Адзінае, ведаю і спадзяюся, што гэта так: ён жывы. Мне кажуць, што, магчыма, ён застаецца на тэрыторыі «Азоўсталі», – расказала жонка ўкраінскага вайскоўца Вікторыя Іванцова.
Не знайшла прозвішча свайго мужа Дмытра ў спісах эвакуяваных і ўкраінка Вольга Шуць. «Магу толькі чакаць і спадзявацца на лепшае», – кажа жанчына.
Жыхарка Марыупалю Ірына Хаменка, якая ў сярэдзіне сакавіка эвакуявалася ў Хмяльніцкі, пазнала свайго сына Уладзіміра на апублікаваным у сеціве відэа. Сын бараніў Марыупаль у складзе падраздзялення берагавой аховы. Жанчына расказвае, што 20 траўня ўвесь дзень спрабуе дазваніцца да Чырвонага Крыжа, але марна: нумар увесь час заняты. Прызнаецца, што не ведае, куды яшчэ званіць і што рабіць. Кажа, што апошні раз выходзілі на сувязь з сынам 25 красавіка, і тады ён паведаміў пра пашкоджаную руку («Ці выкрут, ці раненне – так і не зразумелі»).
«Спадзяемся на тое, што ўсё будзе добра. Але разумеем выдатна: калі яны такія рэчы ў Бучы рабілі, то як яны з палоннымі могуць абыходзіцца?» – непакоіцца Ірына.
«Ведаеце, ідзе нейкая двайная палітыка. Украіна кажа пра дамоўленасці і эвакуацыю. Расея, са свайго боку, кажа пра здачу ў палон. Зразумець, што насамрэч адбываецца, немагчыма. Дазваніцца нікуды не можам», – дадае жанчына.
Украінскі эксперт, кіраўнік Цэнтру палітычных даследаванняў «Пэнта» Уладзімір Фэсэнка ўпэўнены, што пра «здачу ў палон» можна казаць толькі з фармальнага пункту гледжання. Калі зважаць на кантэкст – «гаворка менавіта пра абмен».
«Байцы выходзяць, іх эвакуююць з «Азоўсталі», і яны часова маюць быць у палоне, але вядзецца – пра абмен. Іншая рэч, што маем сур’ёзную праблему. Падобна, што Расея хоча – і ўжо не першы раз – парушыць, зруйнаваць дамоўленасці, заключаныя з пасярэдніцтвам ААН і Чырвонага Крыжа. Хочуць зладзіць прапагандысцкае шоу – прапагандысцкія суды, як яны кажуць, над «азоўцамі», хоць абаронцы Марыупалю – не толькі «азоўцы», – кажа Уладзімір Фэсэнка.
Апроч таго, расейцы, як лічыць эксперт, хочуць справакаваць канфлікт і пасеяць недавер да кіраўніцтва Украіны. Маўляў, бачыце, здаюцца ў палон. Фэсэнка нагадвае, што рашэнне выйсці з абароны прымалася супольна кіраўніцтвам краіны і кіраўнікамі падраздзялення «Азоў».
«Гэта было супольнае рашэнне. Вось што важна. Не вядзецца пра сітуацыю капітуляцыі, а пра тое, што байцы выходзяць з абароны, паколькі, як я разумею, там проста не было боепрыпасаў, каб ваяваць. Банальна. І было вельмі шмат параненых, якіх трэба было ратаваць», – кажа эксперт.
На думку эксперта, у гэтым выпадку ўкраінцы дэманструюць прынцыпова іншы падыход да вайны, чым расейцы, якія пакідалі сваіх загінулых салдат на полі бою.
«Як сказаў Уладзімір Зяленскі, героі маюць быць жывымі. Тут цалкам іншы падыход. Мы клапоцімся пра сваіх салдатаў. Ратуем іх жыцці. І гэта не азначае, што Украіна збіраецца капітуляваць. Мы не капітулявалі напрыканцы лютага, на пачатку сакавіка, і тым больш ніхто не збіраецца гэтага рабіць цяпер», – гаворыць Уладзімір Фэсэнка.
На ягоны погляд, прапагандысцкі суд, які Расея можа арганізаваць над абаронцамі «Азоўсталі», нічога ёй не дасць, бо гэта будзе «шоу для ўнутранага выкарыстання».
«Гітлер рабіў шоу пасля падпалу райхстагу. І што, гэта яму дужа дапамагло? Так, унутры Расеі ўсё спрацуе, там манаполія прапаганды. Маўляў, бачыце, мы захапілі ўкраінскіх нацыстаў! Яны ж думаюць што «азоўцы» – галоўны бастыён. Яны не разумеюць, што з імі ваюе ўся краіна», – кажа эксперт.
Ён лічыць, што такі суд, калі ён адбудзецца, станецца, наадварот, дэманстрацыяй нязломнасці і перакананасці ў сваёй праваце ўкраінскіх жаўнераў, бо «людзі, якія выстаялі ў гэтай жорсткай асадзе, будуць стаяць годна і на судзе».
Уладзімір Фэсэнка мяркуе, што пасля суда, калі, вядома, ён будзе, расейскае камандаванне ўсё адно вымушанае будзе пайсці на абмен. І кажа, што расстрэлаў не будзе. Хоць рызыка ёсць.
«Нагадаю трагічную гісторыю з 2014 года, калі таксама дамовіліся з расейцамі пра калідор пад Ілавайскам для ўкраінскіх вайскоўцаў, якія меліся выйсці з атачэння. Падчас выхаду па гуманітарным калідоры іх расстралялі.
Рызыка ёсць, безумоўна. Але маці і жонкі абаронцаў «Азоўсталі» мусяць разумець: цяпер ёсць шанец на паратунак. І шанец дастаткова высокі.
Гэта магчымасць выратаваць жыцці. Калі б засталіся там – гэты шанец быў бы амаль нулявы», – падсумоўвае Уладзімір Фэсэнка.
Гераічная абарона Марыупалю працягвалася 82 дні.
Зміцер Міраш belsat.eu