«Балюча хаваць роднага чалавека праз тэлеграм». Беларусы пра перажыванне смерці блізкіх у эміграцыі


Смерць блізкай асобы – гэта заўсёды цяжка, нават калі ты побач і можаш развітацца. Яшчэ цяжэй на адлегласці, калі ты за мяжой і не можаш прыехаць. Няпроста і калі родны чалавек памірае ў эміграцыі – устаюць пытанні аб транспартаванні цела на радзіму. Шмат беларусаў за апошнія тры гады сутыкнуліся з такімі балючымі сітуацыямі. Некаторыя паехалі дамоў – і цяпер за кратамі. Іншыя пакутуюць ад пачуцця віны, што не могуць прыехаць. Пагутарылі з беларусамі, якія перажылі страту блізкай асобы ў эміграцыі, а таксама з псіхолагам пра тое, як справіцца з болем і пачуццём віны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Zohra Bensemra / Reuters / Forum

«Была злосць і жаданне адпомсціць лукашыстам»

Алесь, журналіст, у 2021 годзе быў вымушаны пакінуць Беларусь, каб застацца на волі. У лютым 2022 года маці Алеся, якая заставалася ў Беларусі, захварэла на COVID-19. 20 лютага яна памерла ў лякарні ў Беларусі ва ўзросце 66 гадоў.

«Гэта былі вельмі цяжкія і страшныя тыдні, калі мама была ў лякарні. Форма хваробы была даволі цяжкай, і я разумеў, што яна можа не выкараскацца, але была надзея. Спачатку на ейны арганізм, потым на цуд, – распавядае Алесь. – Пра смерць я даведаўся ад ейнага брата. Гэтая навіна была вельмі балючай для мяне. Але я даволі хутка змог сабрацца, бо было разуменне, што блізкія людзі таксама паміраюць, і я не адзін, хто гэта перажывае. Перад смерцю маці мне сказала: сыночак, калі я памру, ты ні ў якім разе не прыязджай».

Думак ехаць на пахаванне ў Алеся не было – ён разумеў, што будзе схоплены адразу на мяжы, бо «ў лукашыстаў няма нічога святога». Віны за немагчымасць развітацца журналіст не адчуваў.

«Была злосць і жаданне адпомсціць лукашыстам, – кажа Алесь. – За тое, што нічога не рабілі падчас COVID, і праз гэта ў Беларусі памерлі тысячы людзей. За тое, што тысячы людзей сядзяць ні за што, а яшчэ сотні тысяч не могуць развітацца са сваймі дарагімі людзьмі, бо былі вымушаныя з’ехаць. Прабачыць я гэтага не магу і думаю, што і нельга прабачаць. Я вельмі спадзяюся дажыць да судоў над імі, калі ім прыйдзецца за ўсё гэта адказаць».

«Мама сказала: ехаць не трэба – не хачу насіць перадачаў»

Гарадзенскі журналіст Андрэй жыве ў Грузіі з 2021 года. У 2022 годзе ў Беларусі памёр ягоны бацька.

«У бацькі здарыўся інсульт, і я бачыў гэта ў наўпроставым эфіры – падчас размовы заўважыў, як у яго паплыў твар. Адразу сказаў: выклікайце хуткую, – распавядае Андрэй. – Яго забралі ў лякарню, але ўратаваць не здолелі».

Андрэй хацеў ехаць дамоў, але потым падумаў пра тое, што так зробіць толькі горш сваім блізкім, асабліва жонцы і дзецям, якія на той момант былі на радзіме.

«Мама мне таксама сказала: ехаць не трэба – не хачу насіць перадачаў, – кажа гарадзенец. – Але мне было цяжка прыняць, што я не там, нічым не магу дапамагчы. Таму стараўся і на адлегласці штосьці рабіць – дамовіцца з касцёлам, з пахавальным домам».

Андрэй не мог працаваць, узяў адпачынак на два тыдні, каб прыйсці ў сябе, хадзіў да псіхолага. Журналіста моцна падтрымалі сябры, і агулам ён кажа, што ў такія моманты важна не заставацца ў самоце.

«Балюча хаваць чалавека праз тэлеграм. Бачыць на відэа, як ён выглядае ў труне, на могілках, ягоную магілу, – кажа Андрэй. – Агулам, той год быў для мяне вельмі цяжкі: пасля бацькі ў Беларусі памерлі трое сяброў».

Журналіст дадае, што было б карысным, калі б у Беларусі паўстала служба, якая вырашала б пытанні з пахаваннем, калі гэтага не могуць зрабіць блізкія, калі ў чалавека нікога няма побач і сваякі могуць кіраваць працэсам на адлегласці.

«Калі я быў у Беларусі, я часта хадзіў на могілкі да сяброў і знаёмых, у якіх нікога не засталося. Хто цяпер там прыбіраецца – не ведаю», – зазначае гарадзенец.

«Калі ў Беларусі няма блізкіх, перажываць вымушаную эміграцыю прасцей»

У беларускі Алены (імя змененае на жаданне гераіні) летась памерла цётка, якая была для яе вельмі блізкай асобай.

«Яна была моцна ва ўзросце, са слабым здароўем, і калі я з’язджала, то разумела, што можа здарыцца ўсё што заўгодна. Але ўсё роўна гэта няпроста, калі табе кажуць, што твая цётка памерла, а ты не можаш паехаць на пахаванне, бо разумееш, што так паставіш сябе пад пагрозу».

Алена не паехала. Пахаванне зладзілі далёкія сваякі, яны ж глядзяць за магілай. З блізкіх у жанчыны ў Беларусі нікога не засталося, бацькі памерлі ўжо даўно.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Ueslei Marcelino / Reuters / Forum

«Гэта прагучыць жудасна, але я лічу, што ў цяперашніх умовах адсутнасць сваякоў у Беларусі – фактар, які робіць перажыванне вымушанай эміграцыі прасцейшым, – кажа Алена. – Калі б бацькі яшчэ жылі, перада мной стаяў бы складаны выбар: і кінуць іх было б немагчыма, і адначасова ім не было б лепш, калі б я засталася і апынулася за кратамі».

Алена верыць, што аднойчы яна зможа наведаць магілы бацькоў і цёткі. Уладаў, якія затрымліваюць людзей, што прыехалі на пахаванне, жанчына зразумець не можа.

«Напэўна, людзі ў сістэме бачаць у такім становішчы нейкі свой рэванш, што яны хоць такім чынам нас перамаглі – стварылі невыносныя маральныя пакуты», – зазначае беларуска.

«Калі маці памерла, хацела ехаць у Беларусь, прадумвала маршруты праз Расею»

Марыя (імя змененае на жаданне гераіні) за апошнія два гады перажыла ад’езд з Беларусі ва Украіну, уцёкі з Украіны ад вайны, а ўзімку 2022 года – смерць маці, з якой напярэдадні ўлетку бачылася і ўсё было добра. Увосень 2022 года маці Марыі захварэла: у яе дыягнаставалі пухліну малочнай залозы з метастазамі ў пячонку, лёгкія і галаўны мозг.

«У кастрычніку мама пачала казаць, што ў яе баліць жывот. Усё развівалася імкліва – яна трапіла ў лякарню, потым у анкалагічны дыспансер. Я спадзявалася на аперацыю, лячэнне. Мы бачыліся з мамай улетку ў Грузіі – яна ўпершыню за 57 гадоў пабыла на моры. Усё было добра. Але калі сваячка даслала мне фотаздымак мамы, я зразумела, што ўсё кепска, яна пастарэла гадоў на 10–15 за гэты час», – распавядае Марыя.

Дзеўчына хацела ехаць у Беларусь, прадумвала маршруты.

«Я разумела, што не магу ехаць з Польшчы, бо затрымалі б на мяжы. Думала, мо праз Расею – ляцець у Турцыю ці Грузію, адтуль у невялікі расейскі горад з аэрапортам, адтуль унутраным рэйсам у Маскву і потым у Беларусь. Але сябры спынілі мяне: маўляў, гэта сур’ёзная рызыка і не факт, што ты так зробіш лепей маме, – кажа Марыя. – Я разумела гэта. Яшчэ ў мяне там бабуля і дзядуля ва ўзросце, і на іхныя плечы яшчэ б лёг абавязак насіць мне перадачы, умоўна кажучы. І я прыняла рашэнне ўсё ж не ехаць».

Раніцай 22 снежня Марыя прачнулася а 6-й гадзіне і ўбачыла шмат званкоў ад дзядулі – ёй усё было зразумела.

Маму пахавалі. Бабуля з дзядулем старэнькія, таму магілу даглядаюць сябры Марыі.

«Я нават не ведаю, наколькі я ім абавязаная за іхны ўдзел у маім лёсе, што яны там усё для мяне робяць», – кажа дзеўчына.

Марыя напісала ліст маме, паехала з ім да мора і там спаліла яго. Кажа, у пэўным сэнсе пасля гэтага рытуалу зрабілася лягчэй.

Першыя этапы пасля смерці чалавека за мяжою падобныя да тых, што адбываюцца ў Беларусі

Беларусы Андрэй і Вікторыя (імёны змененыя на жаданне герояў) выехалі з Беларусі ў 2021 годзе ва Украіну, адтуль пасля нападу Расеі – у Вільню. Там у Андрэя і здарыўся інсульт. Уратаваць не здолелі. Вікторыя распавяла нам, як гэта адбывалася:

«Андрэй памёр удома. У яго быў прыступ, я выклікала хуткую. Медыкі канстатавалі смерць і выклікалі паліцыю. Гэтая фармальнасць патрэбная, каб выключыць гвалтоўную смерць. У такіх выпадках заўсёды робіцца ўскрыццё. Тое самае было і ў Беларусі, калі чатыры гады таму памёр мой тата. Далейшыя этапы таксама падобныя».

Паліцыя апытала, што і як здарылася, зафіксавала ўсё і выклікала службу з моргу, якая забрала цела. Таксама паліцыянты забралі від на жыхарства памерлага, а вось беларускі пашпарт пакінулі, бо гэта ўласнасць Рэспублікі Беларусь.

Пасля атрымання ў той жа вечар ад паліцыі паперы аб тым, што ўсе фармальнасці пройдзеныя, можна было заключаць дамову з пахавальным агенцтвам, якое цалкам арганізавала развітанне, што прайшло ў касцёле. Пасля развітання працаўнікі пахавальнага агенцтва завезлі цела ў крэматорый. Праз некалькі тыдняў на пошту Вікторыі прыйшла папера з паліцыі аб адсутнасці падставаў для крымінальнай справы, бо смерць была негвалтоўнай.

«Гэта быў няпросты выбар – пахаваць у Літве ці на радзіме»

Рашэнне аб крэмацыі было прынятае, бо Андрэй хацеў вярнуцца дамоў і такой была ягоная воля – быць пахаваным на радзіме. Перавезці ж прах прасцей за цела.

«Для мяне гэта быў няпросты выбар, – кажа Вікторыя. – Я разумела, што адпраўлю прах у Беларусь, але не змагу прыйсці на магілу яшчэ невядома колькі. Але пахаваць яго эгаістычна побач з сабой я не магла, бо ведала, што гэта быў бы ягоны выбар – вярнуцца дамоў».

У Вільні ў крэматорый, паводле жонкі Андрэя, нікога не пускаюць, у адрозненне ад Беларусі, дзе развітанне праходзіць проста ў залі крэматорыю, а потым труна адтуль з’язджае. На наступны дзень пасля крэмацыі Вікторыі выдалі урну і дакументы, у тым ліку пасведчанне, што ў урне менавіта прах Андрэя і нічога забароненага – гэта трэба для перавозу праху праз мяжу.

Напрыканцы студзеня сябар Андрэя адвёз ягоны прах на ўласнай машыне ў Беларусь. На мяжы пытанняў не было – цалкам хапіла перакладзенага і натарыяльна заверанага літоўскага пасведчання.

«Страшна сысці з жыцця і так і не ўбачыць вольнай Беларусі»

Перажываць смерць блізкай асобы ў эміграцыі цяжэй, чым у Беларусі, кажа Вікторыя.

«Мне было цяжка, бо тут няма майго звыклага асяроддзя. Удома было б прасцей: мама, сябры, знаёмыя вуліцы, успаміны з дзяцінства, на што я магла б абапірацца. Просты шпацыр па Менску быў бы для мяне тэрапіяй. А тут – няма на што», – кажа жанчына.

Вікторыя кажа, што пасля сыходу мужа пачала моцна баяцца ўласнай смерці.

«Я зразумела, што павінна трымацца з апошніх сілаў, бо, па-першае, у мяне дачка, і ў сітуацыі смерці блізкага чалавека я павінна быць для яе кропкай апоры. Тым больш, што яна ўжо перажыла дэпрэсію, – распавядае нашая суразмоўца. – Таму я не магла нават нармальна паплакаць, каб не напужаць лішні раз дзіцяці. Калі са мной штосьці здарыцца, то яна тут застанецца зусім адна. Таму я так баюся цяпер за сваё жыццё. Нават ва Украіне пад бомбамі год таму я так не баялася. Яшчэ страшна, што ты можаш сысці з гэтага жыцця і так і не ўбачыць вольнай Беларусі і таго, дзеля чаго ты ўсё гэта цярпіш».

Беларуска дадае, што пытанне смерці яны абмяркоўвалі з маці – ужо немаладой жанчынай, якая жыве ў Беларусі.

«Ёй хоць і не так шмат гадоў, але слабае здароўе. Неяк яна мне сказала: калі са мной штосьці здарыцца, не думай сюды прыязджаць, – распавядае Вікторыя. – Гэта жахліва. Мая мама непакоіцца пра маю бяспеку і яшчэ пры жыцці забараняе прыйсці да яе на пахаванне, таму што разумее, што гэта можа скончыцца кепска для мяне. Страшна, што мы ў ХХІ стагоддзі вымушаныя перажываць такія рэчы».

Псіхолаг: ехаць на пахаванне ў Беларусь няма сэнсу

Мы папрасілі псіхолага Наталлю Скібскую пракаментаваць, як страта блізкай асобы перажываецца ў эміграцыі, на адлегласці, што тады адбываецца з псіхікай, як дапамагчы сабе.

«Перш за ўсё, трэба адгараваць, і тут няважна, побач з вамі памёр блізкі чалавек ці далёка, – кажа Наталля Скібская. – Ехаць на пахаванне, калі вы за мяжою, няма сэнсу. Бо прысутнасць там патрэбная толькі вам. Памерламу ўжо ні холадна ні горача ад таго, прыехалі вы ці не. Але калі думаць, што гэтыя людзі вас любілі, напэўна, яны б не хацелі, каб вы праз іх сядзелі ў турме. На гэта трэба абапірацца».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Vladimir Smirnov / TASS / Forum

Ёсць розныя практыкі гаравання па памерлым. Можна пісаць лісты, выказваць там свае пачуцці, кажа псіхолаг. Камусьці дапамагае малітва, камусьці – плач. Можна ісці да псіхолага, узгадваць, распавядаць сябрам пра гэтага чалавека, як яго не хапае.

«Самае галоўнае – не спыняць пачуццяў, не блакаваць іх, – падкрэслівае Наталля Скібская. – Трэба выплакаць, выгараваць. Бо калі гэты чалавек быў такі важны, што вы былі гатовыя рызыкаваць бяспекай і свабодай, каб паехаць на пахаванне, значыць, у вас ёсць моцныя пачуцці, якія можна і трэба выказваць і пражываць».

«Кажыце, пакуль людзі жывыя. Каб потым не плакаць аб тым, што не дагаварылі»

Наталля Скібская зазначае, што трэба размаўляць з блізкімі. Калі ў Беларусі засталіся сваякі ў веку, хворыя, трэба паспець высветліць з імі адносіны, пакуль ёсць час. Адначасова важна паспець сказаць не толькі пра крыўды, але і пра пяшчоту, любоў, выказаць важнасць чалавека для вас.

«Кажыце, пакуль людзі жывыя. Каб потым на могілках ці ў псіхолага не плакаць аб тым, што вы не дагаварылі», – раіць адмыслоўца.

Таксама, паводле Наталлі, варта абмяркоўваць смерць, выказваць сваю волю наконт лёсу ўласнага цела пасля сыходу.

«Гэта нармальна, гэта частка жыцця. Чалавек мае права выказаць сваю волю, пакуль жывы, – кажа псіхолаг. – Некаторыя бацькі, якія сапраўды клапоцяцца пра сваіх дзяцей, кажуць ім: калі я памру, ты не прыязджай. Гэта вельмі добрая рэч, якую бацькі могуць зрабіць для сваіх дзяцей, бо так яны суцішаюць пакуты сумлення».

Паводле адмыслоўцы, калі чалавек кажа: я табе дазваляю, не прыязджай, для мяне важна, каб ты застаўся ў бяспецы – такім чынам ён здымае значную частку пачуцця віны за немагчымасць быць на развітанні. Таму пра гэта трэба размаўляць і нават самім задаваць такія пытанні, калі ўдома засталіся старыя ці хворыя сваякі.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў