«Ён не шкадуе пра свой выбар». Аляксандра Зверава – пра год без Эдуарда Бабарыкі


Роўна год таму, 18 чэрвеня 2020-га, Віктар Бабарыка разам з кіраўніком свайго штабу і сынам Эдуардам Бабарыкам пайшоў у ДФР. Адтуль ён болей не выйшаў. Кандыдата на прэзідэнцтва абвінавацілі ва ўхіле ад аплаты падаткаў. За гэты час Беларусь вельмі моцна змянілася. А яшчэ мацней змянілася жыццё блізкіх палітзняволеных. Мы пагаварылі з Аляксандраю Зверавай, дзяўчынай Эдуарда Бабарыкі, пра мары вярнуцца дадому, жыццё без каханага і тое, як трымацца ў локдаўне.

Аляксандра Зверава.
Фота: zverevas/ Instagram

– Ужо год, як спадара Віктара і Эдуарда затрымалі. Як змянілася вашае жыццё без іх? У Instagram вы пісалі, што «давялося стаць больш самастойнаю». Як гэта праяўляецца ў штодзённым жыцці?

– Я не памятаю, у якім кантэксце я гэта пісала. Я і раней не магла назваць сябе бездапаможнай, але розніца ёсць: апошнія 7 гадоў у маім жыцці побач са мною заўсёды быў чалавек, да якога можна было прыйсці па нейкую параду і які мог дапамагчы мне нешта развязаць з чымсьці разабрацца.

Цяпер з усім трэба разбірацца самой. Гэта не значыць, што мне няма каму дапамагчы, у мяне ёсць сябры, але нейкія задачы, якія былі «на дваіх», трэба развязваць самой.

Плюс да таго ў мяне было адчуванне, што ў выпадку нейкай надзвычайнай сітуацыі мне будзе на каго разлічваць. Цяпер жа трэба разлічваць толькі на сябе. Але не магу сказаць, што гэта нешта кепскае. То бок рэч не ў тым, што мне не падабаецца «самастойнасць» – мне не падабаюцца абставіны.

Аляксандра Зверава.
Фота: zverevas/ Instagram

– Адкуль вы атрымліваеце навіны ад Эдуарда? Ці ўдаецца вам ліставацца?

– З перапіскаю ў нас якраз усё ў парадку. Лісты не даходзілі толькі першыя тыдні пасля арышту, і пасля быў нейкі перапынак узімку. Цяпер лісты даходзяць рэгулярна, таму сувязь мы падтрымліваем, плюс я камунікую з адвакатам Эдуарда.

– Вы шчыльна працуеце з фондамі салідарнасці, а таксама звязаныя з праектам «Voices from Belarus». Чым вы займаецеся ў гэтых праектах?

– «Voices from Belarus» мы запусцілі ўлетку 2020 года, калі ў замежных СМІ навіны пра тое, што адбываецца ў Беларусі, адсутнічалі або іх было вельмі мала. У той час, як шмат хто з беларусаў пісалі пра тое, што яны распавядаюць пра падзеі ў краіне сваім замежным сябрам і калегам, але інфармацыі па-англійску анідзе не было. Мы проста адрэагавалі на запыт. Я напісала ў Instagram: «Хто ведае англійскую і гатовы палаваланцёрыць – перакласці некалькі тэкстаў?» Адгукнуліся чалавек сто.

Мяне пазнаёмілі з платформаю «Medium», на якой мы зрабілі блог. Я шукала артыкулы, якія, на мой погляд, было важна перакласці, і закідвала ў дакумент. Хтосьці артыкулы перакладаў, хтосьці вычытваў. Паступова праект абрастаў людзьмі, а потым мы завялі Instagram, Twitter і нават YouTube. Цяпер праект на сур’ёзным узроўні: з «Trello», суполкамі, у якіх сядзяць валанцёры.

Але самае цудоўнае – праект працуе толькі сіламі валанцёраў! Мы вялі некалькі каналаў, каб паглядзець, што спрацуе лепей. Цяпер фокус на Twitter, а навінавыя зводкі публікуем па-англійску ў Instagram. Праект працуе без мяне, бо я проста зрабіла так, каб у файным месцы сабраліся «правільныя» і крутыя людзі. Напрыклад, Twitter вядзе дзяўчына, з якой я на другім курсе займалася танцамі. А цяпер яна жыве ў Швецыі. І такія гісторыі здараюцца.

А ў фондзе салідарнасці я працую ў групе камунікацыяў.

Аляксандра Зверава.
Фота: zverevas/ Instagram

– Як выглядае ваш дзень?

– Я прачынаюся, гуляю з сабакам, еду ў офіс або працую з дому. Часам чытаю, гуляю. Агулам жыццё не вельмі падобнае да таго, якое ў мяне было да жніўня 2020 года.

Калі ў Вільні быў локдаўн, то асаблівых забавак апроч працы не было. Добра, што не патрабавалі зачыніць офісаў, інакш мы б рызыкавалі зусім зварʼяцець.

– Што вам дапамагае падтрымліваць добры настрой?

– Мяне падтрымліваюць людзі, а я – іх. Падаецца, гэта ў нас узаемна.

– Ці ёсць нешта, што б вы змянілі за гэтыя 11 месяцаў? Можа быць, сказалі Эдуарду не ісці тады ў ДФР?

– Я не люблю ўмоўнага ладу. Эдзік не шкадуе пра свой выбар. І для мяне гэта галоўнае.

Аляксандра Зверава і Эдуард Бабарыка.
Фота: zverevas/ Instagram

– Ці думалі вы пра той дзень, калі нарэшце вернецеся ў Беларусь? Пры якіх абставінах вы здолееце вярнуцца?

– Да снежня я жыла з думкаю, што вось-вось вярнуся дамоў. Але ў канцы года мяне моцна «накрыла». Тое, што Эдзік і іншыя палітычныя вязні сустрэнуць новы год у СІЗА, радасці не дадавала.

Цяпер я проста стараюся не думаць пра тое, што будзе, калі надыдзе дзень X. Я больш засяроджаная на дзеяннях, якія могуць яго наблізіць. І проста на жыцці. Бо жыццё ў рэжыме вайны доўгі час прыводзіць толькі да таго, што ты выгараеш і стамляешся. У мяне цяпер прыблізна такі стан. Таму стараюся не забываць харчавацца чымсьці апроч фаст-фуду.

– Калі пераможам, што першае зробіце?

– Мы з Эдзікам пасля нейкіх вандровак, доўгага пералёту або доўгага працоўнага дня любілі проста замовіць сушы і ўключыць файны фільм. Таму я магу цяпер толькі фантазіяваць пра тое, якой жа будзе мая рэакцыя, калі мне захочацца проста пайсці дадому.

А яшчэ я вельмі сумую па кіраванні і «Surf Coffee» на Кірава. Можа быць, я вярнуся дадому і проста прыйду пасядзець туды на лаўцы каля дарогі.

Ксенія Тарасевіч, belsat.eu

Стужка навінаў