«Самалёт з еўрамі не завязеш». Эксперт апавёў, што будзе з еўрапейскай валютай у Беларусі


Праз санкцыі ды іншыя абмежаванні ўвоз наяўных еўраў у Беларусь звёўся практычна да нуля ў 2023 годзе. Банкі аперуюць толькі той наяўнай валютай, якая трапляе да іх з асабістых запасаў беларусаў. Ці пагражае гэта дэфіцытам і ростам курсу еўра, выданню Myfin.by распавёў фінансавы аналітык Вадзім Іосуб.

Беларускія рублі, долары ЗША і еўры. Менск, Беларусь, 27 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Паводле эксперта, значнага дэфіцыту на наяўны еўры не прадбачыцца, бо адначасова з абмежаваннямі і зніжэннем прапановы падае і попыт. У тым ліку таму, што попыт на еўры быў звязаны перадусім з паездкамі ў еўразону, якія цяпер моцна скараціліся. Да таго ж, «традыцыйна беларусы захоўваюць сродкі ў большай ступені ў доларах».

«Гэтай сітуацыі з еўрамі два гады. А немагчымасці купіць еўры не ўзнікла. Не будзе дэфіцыту і надалей», – мяркуе Вадзім Іосуб.

Пры адсутнасці дэфіцыту еўраў не будзе моцна расці і курс. З улікам жа неафіцыйных рэкамендацыяў «наўрад ці курс наяўных еўраў у банках сыдзе ў вялікі адрыў ад афіцыйнага курсу».

Эканаміст прызнаў, што «самалёт з еўрамі не завязеш», але «нейкія ручайкі цякуць», у тым ліку праз Расею і іншыя краіны, ды і грамадзяне працягваюць прадаваць еўрапейскую валюту.

А вось зношаныя купюры, на думку Іосуба, «мала хто з банкаў будзе браць», бо цяпер яны фактычна страцілі магчымасць іх абменьваць на новыя.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў