У Беларусі паводле рашэння Міністэрства інфармацыі 15 жніўня заблакавалі сайт незалежнай газеты «Народная воля».
Рэдакцыя размясціла ў сваім тэлеграм-канале ліст да чытачоў, у якім выказала спадзяванне, што блакаванне – часовае.
На дадзены момант інтэрнэт-рэсурс не адчыняецца ні з Беларусі, ні з-за мяжы.
«Блакіроўка настолькі глыбокая, што мы не маем доступу нават да адмінкі сайта, каб выправіць тыя недахопы, на якія звярнула нашу ўвагу Міністэрства інфармацыі, – піша рэдакцыя ў лісце. – Разлічваем, што бліжэйшым часам праблема будзе вырашана, мы робім для гэтага ўсё магчымае. І немагчымае таксама. Рэдакцыя па-ранейшаму знаходзіцца ў Беларусі, мы строга прытрымліваемся дзейнага заканадаўства, працуем адкрыта і легальна».
Пакуль сайт газеты заблакаваны, рэдакцыя заклікае чытачоў далучацца да тэлеграм-каналу. Таксама два разы на тыдзень выходзіць электронная версія газеты ў PDF-фармаце – яе адпраўляюць па электроннай пошце кожнаму падпісчыку.
Падпісацца на PDF-версію «Народнай Волі» можна на сайце belpressa.by. Для гэтага трэба зайсці на сайт belpressa.by, націснуць укладку «2022» і выбраць месяцы, на якія вы будзеце афармляць падпіску. Кошт падпіскі – 9 рублёў 48 капеек.
«Народная воля» у сваім звароце таксама просіць аб грашовай дапамозе. Перавесці сродкі на рэдакцыйны рахунак можна двума шляхамі:
1.Праз АРІП:
СМІ – Н – «Народная Воля» – Дабрачынныя ўнёскі
2.Праз банк:
ІЧУП «Народная Воля». 220030 г.Менск, вул.Энгельса, 34а
р/с BY08 PJCB 3012 0065 3510 0000 0933,
Код PJCBBY2X, ЦБУ 113 «Прыёрбанк» ААТ, г.Менск
УНП 100961759
«Народная воля» – адна са старэйшых беларускіх незалежных газет. Яна была заснаваная ў 1995 годзе былым галоўным рэдактарам «Народнай газеты» Іосіфам Сярэдзічам. Ён і па сённяшні дзень застаецца галоўным рэдактарам «Народнай волі».
Пасля выбараў 2020 года Беларускі дом друку адмовіўся друкаваць «Народную волю», а «Белпошта» выключыла выданне з падпіснога каталогу. У 2021 годзе друкаваць выданне адмовіліся і расейскія тыпаграфіі.
Марыя Міхалевіч belsat.eu