Беларускія ВНУ перад новым навучальным годам карэктуюць кошт навучання для платнікаў. У будучым навучальным годзе адукацыя стане даражэйшаю. У сярэднім кошты выраслі на 7 %. Летась кошты павялічыліся на 10 %. «Белсат» параўнаў, колькі каштуе год навучання ў Беларусі і суседніх краінах.
Да гэтага часу найбуйнейшыя ВНУ Беларусі – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт – не апублікавалі новых цэнаў на навучанне для платнікаў у наступным навучальным годзе. Але яшчэ летась на некаторых факультэтах БДУ кошты на навучанне перавышалі 5 тысячаў рублёў.
Іншыя ВНУ краіны ўжо вызначыліся з цэнамі. У сярэднім адукацыя стане даражэйшаю на 7 %.
Найдаражэй адукацыя каштуе ў Беларускім дзяржаўным медычным універсітэце. Кожная спецыяльнасць тут ацэньваецца асобна. Напрыклад, навучанне на спецыяльнасці «стаматалогія» будзе каштаваць для платнікаў 5182 рублі. За іншыя спецыяльнасці трэба будзе заплаціць каля 4430 рублёў.
У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі дзённае навучанне на папулярным факультэце камп’ютарных сістэмаў і сетак будзе каштаваць 4590 рублёў за год. А на факультэце інфармацыйных тэхналогіяў і кіравання – 4376 рублёў.
«Карэктаванне кошту звязанае з павелічэннем выдаткаў на камунальныя паслугі, ростам коштаў на энерганосьбіты, ростам выдаткаў на ўтрыманне будынкаў і збудаванняў, падтрыманнем узроўню заробкаў прафесарска-выкладчыцкага складу ўніверсітэту», – паведамляе прэс-служба БДУІР.
У Акадэміі кіравання кошт навучання на дзённым аддзяленні практычна на ўсіх спецыяльнасцях складае 4330 рублёў.
Кошт завочнага навучання ў беларускіх ВНУ падобны і складае ад 1454 да 1910 рублёў за год.
Варта адзначыць, што агучаныя цэны могуць змяняцца. Адміністрацыя навучальных установаў пакідае за сабою права карэктаваць кошты цягам навучальнага года.
Навучанне ў польскіх ВНУ таксама дзеліцца на платнае і бясплатнае. На платным навучанні дыяпазон коштаў вялізны. Напрыклад, на платным аддзяленні прафесійна-тэхнічных ВНУ цэны вагаюцца ад 3600 злотых (каля 2280 рублёў) да 12 000 злотых (каля 7600 рублёў).
Найбольш каштуе адукацыя на медычных і мастацкіх спецыяльнасцях. Гэтак, у сталіцы Польшчы год навучання на медыка можа каштаваць каля 70 тысячаў злотых (44 тысячы рублёў). У Беластоцкім медычным універсітэце за год навучання трэба заплаціць 40 тысячаў злотых (25 тысячаў рублёў).
У Расеі цэны на навучанне ў дзяржаўных ВНУ вызначаюцца Міністэрствам адукацыі і навукі. Мінімальная аплата за год навучання тут складае 95 800 расейскіх рублёў (каля 2600 беларускіх рублёў). Але ў правінцыйных ВНУ кошты могуць быць ніжэйшыя.
Прыватныя ВНУ вызначаюць кошт навучання самастойна. У некаторых універсітэтах Масквы ці Санкт-Пецярбургу цэны за год могуць перакрочваць 650 тысячаў расейскіх рублёў (каля 18 тысячаў беларускіх рублёў). Адметна, што кошты навучання ў Расеі могуць змяняцца, але, паводле пастановаў ураду РФ, змены не могуць перавышаць афіцыйнага ўзроўню інфляцыі.
Платная вышэйшая адукацыя ва Украіне таксама мае шырокі дыяпазон коштаў. Існуе шэраг ВНУ, навучанне ў якіх каштуе даволі дорага. У залежнасці ад факультэту і спецыяльнасці тут трэба заплаціць ад 30 тысячаў грыўняў (каля 2 тысячаў беларускіх рублёў) да 60 тысячаў грыўняў (каля 4 тысячаў рублёў).
Яшчэ менш каштуе навучанне ў ВНУ ў невялікіх гарадах, а таксама ў некаторых ВНУ, якія лічацца непапулярнымі. Тут за год трэба заплаціць ад 10 тысячаў грыўняў (каля 683 беларускіх рублёў) да 20 тысячаў грыўняў (1367 рублёў).
Алена Аляксандрава belsat.eu