Кіраўнік НАУ Павел Латушка паведаміў, што перадаў у Міжнародны крымінальны суд у Гаазе першую частку справаздачы супраць Лукашэнкі. Справа тычыцца дэпартацыі дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны. «Гэта першы ўдар, што мы наносім», – заявіў Латушка на фэсце «Яднайся», перадае карэспандэнт «Белсату».
Старшыня Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка заявіў, што пачаў перадаваць у Міжнародны трыбунал матэрыялы справы супраць Аляксандра Лукашэнкі. Справаздача тычыцца дэпартацыі дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны.
«Першая частка справаздачы ўжо перададзеная пракурору Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе спадару Карыму Хану. Гэта толькі першая частка, за ёй будзе і другая, якая часткова ўжо перададзеная Генеральнай пракуратуры Украіны. І гэта першы ўдар, што мы наносім», – сказаў Латушка на імпрэзе «Яднайся», што зладзілі сёння ў Беларускім моладзевым хабе ў Варшаве.
Палітык анансаваў пераслед Лукашэнкі таксама за злачынствы супраць чалавечнасці. Адпаведная справаздача ўжо гатовая, і гэта будзе «другі ўдар па злачынным рэжыме»:
«Прафесіяналы, юрысты, міжнародныя юрысты, юрысты каманды НАУ, Пераходнага кабінету падрыхтавалі адпаведную справаздачу, якая абсалютна адназначна даказвае, што ў Беларусі сістэматычна, маштабна, масава здзяйсняюцца злачынствы супраць чалавечнасці».
Латушка ўпэўнены, што беларусаў, якія вымушана з’ехалі з Беларусі пасля 2020 года, можна лічыць прымусова дэпартаванымі:
«Многія з нас фактычна прымусова дэпартаваныя з тэрыторыі Беларусі, мы маем права патрабаваць распачаць справу ў Міжнародным крымінальным судзе ў Гаазе. І гэтыя матэрыялы, спадзяюся, бліжэйшым часам будуць перададзеныя ў трыбунал».
Пра падрыхтоўку справаздачы аб датычнасці цяперашніх уладаў да прымусовага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей Павел Латушка паведаміў у красавіку. Тады ж ён абяцаў перадаць дакументы ў Міжнародны крымінальны суд. Палітык сцвярджае, Лукашэнка і расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін сумесна ўхвалілі рашэнне аб дэпартацыі.
Гэтай праблеме была прысвечаная нядаўняя паездка Латушкі ў Кіеў, дзе ён абмяркоўваў сітуацыю з дарадцам кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхайлам Падаляком, прадстаўнікамі Генпракуратуры, з камандаю ўкраінскага омбудсмана.
Раней Міжнародны крымінальны суд выдаў ордар на арышт Пуціна, а таксама ўпаўнаважанай у справе правоў дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай праз незаконную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей.
Паводле версіі афіцыйнага Менску, дзяцей з акупаваных тэрыторыяў прывозяць у Беларусь на аздараўленне.
Алесь Наваборскі, Сяргей Крот belsat.eu