Літоўская памежная служба за мінулы год канфіскавала 4,3 млн кантрабандных пачкаў цыгарэтаў


Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы (VSAT) за мінулы год канфіскавала 4,3 млн кантрабандных пачкаў цыгарэтаў, амаль усе яны былі ўвезеныя з тэрыторыі Беларусі. Гэта рэкорд за 20 гадоў: у 2021 годзе было выяўлена 2,5 млн пачкаў кантрабандных цыгарэтаў, а ў 2020 годзе – 1,8 млн.

Кантрабанда цыгарэтаў у Літве ў розныя гады. Крыніца: vsat.lrv.lt

У памежнай службе лічаць, што асноўная прычына не ў тым, што нелегальных цыгарэтаў пабольшала, проста была ўзмоцненая ахова мяжы з Беларуссю, а памежнікі пачалі больш дбайна правяраць цягнікі і пабудавалі агароджу.

80 % кантрабанды выявілі на мяжы з Беларуссю, 19 % – унутры краіны, 1 % – на расейскай мяжы. За кантрабанду падакцызных тавараў у 2022 годзе было затрымана 475 чалавек, з якіх 371 грамадзянін Літвы, у 2021 годзе – 430 чалавек.

Большасць перахопленых цыгарэтаў, як і ў папярэднія гады, вырабленыя на фабрыцы «Нёман». Самыя папулярныя маркі – NZ, «Менск» і «Фэст». Абсалютная большасць цыгарэтаў мела беларускія акцызныя маркі, толькі 1 % з выяўленых цыгарэтаў быў без акцызных марак.

«Прывабнасць беларускай кантрабанды цыгарэтаў падмацоўваецца тым, што рэжым А. Лукашэнкі актыўна падтрымлівае гэтую ценявую дзейнасць. Лішкаў прадукцыі заводу «Нёман» не становіцца менш, яны прызначаныя выключна для нелегальнага рынку. Улічваючы міжнародныя санкцыі, накладзеныя на беларускі рэжым, аб’ёмы, відаць, могуць вырасці яшчэ больш», – лічаць у памежнай службе Літвы.

Літоўскія памежнікі адзначаюць, што буйныя партыі цыгарэтаў знаходзілі і ў цягніках. Усяго там знайшлі 3 млн пачкаў, што складае 67 % ад агульнага аб’ёму выяўленых цыгарэтаў. Кантрабандысты пачалі выбіраць чыгуначны транспарт у надзеі схаваць цыгарэты ў вялікіх абʼёмах грузу.

Кантрабанда цыгарэтаў у Літве.
Фота: vsat.lrv.lt

Таксама кантрабандысты пачалі часцей перапраўляць цыгарэты пры дапамозе дронаў і плытоў, якія яны адпраўляюць па рацэ. У 2022 годзе ў Літве перахапілі 49 дронаў з 64,5 тыс. пачкаў цыгарэтаў. У 2021 годзе памежнікі затрымалі 17 беспілотнікаў з 19,7 тыс. пачкаў.

Кантрабанда цыгарэтаў у Літве.
Фота: vsat.lrv.lt

Бізнес, звязаны з кантрабандаю цыгарэтаў, папулярны праз розніцу ў цэнах, тлумачаць у памежнай службе Літвы. Напрыклад, у Беларусі пачак самых папулярных цыгарэтаў каштуе 0,8 еўра, у Літве – 4,2 еўра.

Літоўскія памежнікі не чакаюць змяншэння аб’ёмаў кантрабанды ў найбліжэйшай будучыні. Таксама зараз актывізуецца дробная кантрабанда праз памежныя пераходы.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў