«Вясна»: Сёння ў Беларусі 155 палітзняволеных жанчын


З нагоды Міжнароднага жаночага дня праваабарончы цэнтр «Вясна» сабраў статыстыку адносна тых, хто ўтрымліваецца ў месцах зняволення. Бо «жанчыны Беларусі, як і мужчыны, у 2020 годзе і па сённяшні дзень актыўна ўключыліся ў барацьбу за свабоду нашай краіны, за што падвяргаюцца рэпрэсіям».

Плакат з патрабаваннем вызвалення палітзняволенай журналісткі «Белсату» Кацярыны Андрэевай.
Фота: Уладзімір Яўстаф’еў / Белсат

Сёння ў Беларусі налічваецца 155 палітзняволеных жанчын, якія ўтрымліваюцца ў месцах несвабоды. У сувязі з пратэстамі супраць дзейнай улады і вайной ва Украіне з 2020 года 165 жанчын былі асуджаныя да калоніі, 304 – да «хатняй хіміі», 60 – да «хіміі», чатыры жанчыны – да арышту, адна – да прымусовага лячэння.

Супраць 271 жанчыны былі пачатыя крымінальныя справы за ўдзел у маршах. На гэты момант з 155 палітзняволеных 70, у тым ліку, пераследуюцца за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Яшчэ 161 жанчына была асуджаная да «хатняй хіміі» і 38 да «хіміі» паводле арт. 342 КК. Паводле арт. 293 КК («Удзел у масавых беспарадках») асуджаныя дзве жыхаркі Берасцейшчыны за ўдзел у мясцовых акцыях пратэсту.

Яшчэ 15 жанчын асудзілі за каментары ў справе Андрэя Зельцара. Восем з іх цяпер знаходзяцца ў зняволенні.

Сярод зняволеных беларусак шмат журналістак, праваабаронцаў, дзеячаў культуры і навукі, палітычных і грамадскіх актывістак. У зняволенні знаходзяцца як студэнткі, гэтак і пенсіянеркі і нават шматдзетныя маці.

Інтэрв’ю
«На аглядзе ў гінеколага побач стаіць канваір і глядзіць». Праз што праходзяць палітзняволеныя беларускі
2023.03.08 09:44

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў