Літва плануе зрабіць больш жорсткімі ўмовы працаўладкавання замежнікаў


У Літве плануюць змяніць закон аб замежніках, каб зрабіць умовы працаўладкавання больш жорсткімі. Пра гэта «Белсату» паведаміла дырэктарка Дэпартаменту міграцыі пры Міністэрстве ўнутраных справаў Эвеліна Гудзінскайце. Змены будуць датычыць усіх замежных грамадзянаў, у тым ліку беларусаў.

Беларускі пашпарт і часовы від на жыхарства ў Літве. Вільня, Літва. 27 верасня 2023 года.
Фота: Белсат

Цяпер, паводле звестак Дэпартаменту міграцыі пры МУС Літвы, у краіне жывуць 62,8 тысячы беларусаў, бальшыня – 59 тысячаў – паводле часовых дазволаў на жыхарства. Беларуская дыяспара – другая паводле велічыні пасля ўкраінскай. Агулам у Літве налічваецца больш за 227 тысячаў замежнікаў.

Кіраўніца Дэпартаменту міграцыі Эвеліна Гудзінскайце паведаміла карэспандэнту «Белсату» аб планах змяніць заканадаўства, каб узмацніць кантроль за замежнымі грамадзянамі:

«Замежнік зможа працаваць максімальна ў трох працадаўцаў. Цяпер ліміту няма, і незразумела, у каго ён насамрэч працуе. Іншае змяненне: замежнік мусіць працаваць цэлы дзень, цяпер іншы раз бывае, што ў свайго працадаўцы працуе адну гадзіну, і тады незразумела, чым ён займаецца потым».

Акрамя таго, у Літве можна будзе ўладкавацца на працу толькі з дазволам на жыхарства ў гэтай краіне.

Hавiны
Беларуса, які казаў у відэа пра непавагу да літоўцаў, пазбавілі дазволу на жыхарства ў Літве
2024.03.06 16:00

«Дасюль была магчымасць атрымаць дазвол на працу, напрыклад, з польскаю візаю. Гэтую частку таксама думаюць змяніць, каб замежнік мусіў атрымоўваць менавіта літоўскі дазвол на жыхарства, каб працаваць у Літве», – сказала Гудзінскайце.

Яна адзначыла, што планаваныя змены датычаць усіх замежнікаў, у тым ліку беларусаў. Асобных патрабаванняў для грамадзянаў нашай краіны няма:

«Дазвол на жыхарства, дазвол на працу – для беларусаў такія ж правілы, як і для ўсіх іншых замежнікаў. Гэта не змяняецца, і няма планаў гэта змяняць».

Дырэктарка Дэпартаменту міграцыі таксама падкрэсліла, што працэдуры, звязаныя з легалізацыяй на гуманітарных падставах, змяняць не плануецца.

Hавiны
Літва апытае 18–20 тысячаў беларусаў. За няправільны адказ можа назваць «пагрозай бяспецы»
2024.02.27 14:27

Эвеліна Гудзінскайце нагадала, што сёлета міграцыйная служба праверыць 18 тысячаў беларусаў з дазволамі на жыхарства:

«Яны атрымаюць у свае асабістыя кабінеты або на электронную пошту просьбу запоўніць апытанне. Тыя ж самыя пытанні, проста гэтыя асобы, якія атрымаюць апытанне, яго яшчэ не запаўнялі».

Гаворка пра анкету з пытаннямі пра Крым і вайну ва Украіне. Гэты ліст пачалі рассылаць беларусам з ВНЖ яшчэ ў красавіку летась. Такую анкету трэба запоўніць пры афармленні візы ці першага дазволу на жыхарства – такое правіла ўхвалілі ў лістападзе 2022 года. З таго часу 1644 грамадзянаў Беларусі прызналі «пагрозаю нацыянальнай бяспецы» Літвы – ім або не выдалі візы, або не далі ці не працягнулі ВНЖ, або анулявалі яго.

Анкету мусяць запаўняць і грамадзяне Расеі, аднак цяперашняе дадатковае правяранне пройдуць толькі беларусы.

Разбор
Пра дэпартацыю не тэлефануюць. Хто зладзіў псіхалагічную атаку на беларусаў у Літве?
2024.02.28 18:40

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў