Супрацоўнікі Дзяржаўнай пагранічнай службы Літвы затрымалі двух грамадзян Беларусі, якія маюць дачыненне да кантрабанды буйной партыі цыгарэт, паведамілі ў ведамстве.
Іх затрымалі ў момант, калі яны выгружалі экскаватарам цыгарэты з вагона цягніка, прыпаркаванага ў аддаленым раёне чыгунцы.
Затрымалі кантрабандыстаў вечарам 3 лютага на чыгуначнай станцыі Варэна паблізу ад беларускай мяжы, калі двое мужчын ва ўзросце 38 і 41 года выгружалі з вагона каробкі з цыгарэтамі, выкарыстоўваючы экскаватар. Па дакументах у вагоне перавозіўся друз з Беларусі.
Літоўскія пагранічнікі выявілі 160 каробак з беларускімі цыгарэтамі: Minsk Capital QS, NZ Gold і Minsk 5 Superslims – усяго 79 955 пачкаў. Такі груз у Літве з улікам усіх падаткаў каштуе амаль 290 тысяч еўра.
У выніку мужчын затрымалі. Яны знаходзіліся ў Літве легальна, па шэнгенскіх візах. На наступны дзень суд пастанавіў прызначыць беларусам меру стрымання ў выглядзе арышту на два месяцы. Ім пагражае да васьмі гадоў турмы.
АД, belsat.eu