Абавязковая дэзынфекцыя аўтатранспарту! З 1 верасня – на ўсіх памежных пунктах Беларусі


З 1 верасня на ўсіх памежных пунктах Беларусі ўводзіцца абавязковая дэзынфекцыя транспарту. Палову месяца паслуга будзе надавацца бясплатна. Далей за гэта прыйдзецца плаціць – кампаніі, якой валодае бізнесовец з атачэння Аляксандра Лукашэнкі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Sputnik / Аляксей Майшаў

Вядома, што ўпершыню эксперымент абавязковай дэзынфекцыі транспартавых сродкаў праводзіўся з 1 ліпеня 2021 года да 1 сакавіка 2022 года ў пункце пропуску з Украінай «Новая Гута».

26 красавіка 2022 года Аляксандр Лукашэнка выдаў указ № 154, згодна з якім уводзілася абавязковая дэзынфекцыя транспартавых сродкаў. Дакумент быў прыняты ў мэтах «зніжэння рызыкі ўвозу на тэрыторыю краіны ўзбуджальнікаў небяспечных інфекцыяў і бактэрыяў» і набыў моц з траўня 2022 года.

З 1 верасня 2023 года спецыяльныя станцыі дэзынфекцыі з’явіліся на ўсіх памежных пунктах у Беларусі.

Цяпер працэдуру трэба будзе праходзіць усім аўтамабілям, якія заязджаюць на тэрыторыю нашай краіны. Адзначаецца, што першыя 15 дзён дэзынфекцыя будзе бясплатнай. Пасля гэтага будзе ўсталяваная плата.

Вядома, што займацца ажыццяўленнем працэдуры дэзынфекцыі, згодна з указам, даручана ААТ «БелГлобалГарант». Гэта кампанія, адзін з уладальнікаў якой – набліжаны да Аляксандра Лукашэнкі бізнесовец Сяргей Цяцерын. Ён таксама адзін з гульцоў у хакейнай камандзе Лукашэнкі.

Акрамя таго, «БелГлобалГарант» займаецца будаўніцтвам, а таксама ажыццяўляе гандаль харчамі ды імпарт моцных алкагольных напояў у Беларусь. З 16 верасня ў кампаніі з’явіцца яшчэ адна надзейная крыніца даходу ў выглядзе адлічэнняў на дэзынфекцыю аўтатранспарту на беларускай мяжы.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў