На зямлі, якую арабам падарыў Лукашэнка, рэгулярна ладзяць сафары

video

Падарунак Лукашэнкі катарскім шэйхам абнеслі плотам. Зямельны надзел памерам амаль 4 тысячы гектараў, што параўнальна з плошчаю дваццаці такіх краінаў, як Манака, паступова ператвараецца ў таямнічае месца, куды завезлі прыблізна тысячу галоў жывёлы.

Грыбны сезон адкрыты, але жыхары вёсак Ізбішча і Пагост ня маюць магчымасці збіраць дары лесу ў звыклым месцы – два гады таму тут пад паляўнічыя ўгоддзі абгарадзілі вялізную тэрыторыю, на якую трапіць звычайным людзям немагчыма.

ІРЫНА, ЖЫХАРКА В. ІЗБІШЧА:
«Туды дзеткі хадзілі на рэчку. Там такая сажалка была, чыстая і акуратная. Канаўка. Мы нават самі туды хадзілі і купаліся. Там была добрая і чыстая вада. Усё абгарадзілі, забралі без нашага дазволу».

Менавіта для гэтага таямнічага месца катарская інвестыцыйная кампанія «Сокал» завезла з Літвы 550 плямістых і высакародных аленяў, а таксама каля сотні муфлонаў. Арабскіх шэйхаў тут ніхто ня бачыў, але вяскоўцы адзначаюць, што паляванні ладзяцца рэгулярна – за вялікія грошы.

МІКОЛА, ЖЫХАР В. ІЗБІШЧА:
«Зараз запусцілі, можа, ужо галоў пад 1000. Усё цалкам сеткай абгароджана, паўсюль відэакамеры стаяць».

Падарунак катарскім шэйхам зрабіў асабіста Лукашэнка пасля таго, як наведаў з афіцыйным візітам Доху ў 2011-м годзе. Менавіта тады быў анансаваны праект «Катарскі востраў». Замежнікі арандуюць зямлю на Лагойшчыне адразу ў двух месцах – на поўначы раёну і каля Плешчаніцкага вадасховішча. Згодна з дакументам, гэтыя землі здадзеныя ў арэнду арабам на 99 гадоў. Два гады таму яны абавязаліся сплочваць нашай дзяржаве паводле тагачаснага курсу прыблізна 270 тысяч долараў штогоду. Кіраванне праектам узяў на сябе старэйшы сын Лукашэнкі Віктар.

ЯГОР МАРЦІНОВІЧ, НАМЕСНІК ГАЛОЎНАГА РЭДАКТАРА «НАШАЙ НІВЫ»:
«Што атрымалі ўзамен беларускія ўлады ці асабіста сям’я Лукашэнкі невядома, адзінае – гэта ўскосныя сведчанні таго, што Віктар Лукашэнка неаднаразова прыязджаў у арабскія краіны, то на Формулу-1, то на іншыя бізнес сустрэчы. То бок бізнес інтарэсы існуюць».

Журналіст Ягор Марціновіч, які займаўся гэтаю тэмаю, зазначае, што вылучэнне такога кавалку зямлі замежнікам без грамадскага абмеркавання можа і не зусім законнае, але можа мець і станоўчы эфект.

ЯГОР МАРЦІНОВІЧ, НАМЕСНІК ГАЛОЎНАГА РЭДАКТАРА «НАШАЙ НІВЫ»:
«У цэлым, крокі могуць быць слушнымі ў тым плане, калі катарцы створаць некалькі дзясяткаў ці сотняў працоўных месцаў у рамках інвестыцыйных праектаў, то чаму б ім не здаць у арэнду зямлю пад Лагойскам, калі яна ў глабальным плане стаіць пустая і выкарыстоўваецца мясцовымі жыхарамі для прыватных мэтаў?».

Але самыя вяскоўцы з катарскіх інвестыцыяў пакуль не атрымалі нічога – нават на працу ў якасці ахоўнікаў сюды набіралі не мясцовых жыхароў, як гэта робіцца часцей за ўсё ў такіх выпадках, а адстаўнікоў з сілавых ведамстваў з Менску.

Віталь Бабін

Глядзі таксама
Каментары