На канцэрце «Крамбамбулі» двух хлопцаў затрымалі за бел-чырвона-белы сцяг


Івана Лісаўца і Дзмітрыя Навуменку, якія 5 жніўня разгарнулі бел-чырвона-белы сцяг на канцэрце «Крамбамбулі» падчас фестывалю «Хмяльноў» у Менску, затрымалі і абвінавацілі ў «дробным хуліганстве».

Як паведамляе праваабарончы партал spring96.org, пасля канцэрту Іван Лісавец і Зміцер Навуменка не вярнуліся дадому. За БЧБ-сцяг хлопцаў затрымала міліцыя і ноч яны правялі ў РУУС Заводскага раёну г. Менску. На іх склалі пратаколы па арт. 17.1 КаАП – «Дробнае хуліганства». Сёння іх этапавалі ў цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў, а 7 жніўня адміністратыўныя справы супраць хлопцаў разгледзіць суд Заводскага раёну.

«На жаль, гэта штодзённая абыдзённасць у Беларусі: людзі пайшлі на канцэрт, узнялі гістарычны сцяг і апынуліся ў пастарунку. Хутчэй за ўсё, у пратаколах будзе пазначана, што яны лаяліся, махалі рукамі, на патрабаванні міліцыянераў не звярталі ўвагі. На мове праваабаронцаў гэтая сітуацыя гучыць, як «сістэматычныя парушэнні правоў чалавека ў краіне», – кажа праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

 

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары