МЗС патрабуе выбачэнняў і фінансавай кампенсацыі ад Украіны за пасаджаны самалёт


Услед за «Белавіяй» сваю пазіцыю па здарэнні ўва ўкраінскім небе выказалі беларускія дыпламаты.

Беларусь чакае ад украінскага боку афіцыйных прабачэнняў за прымусовае вяртанне самалёта «Белавія» 21-га кастрычніка.

22 кастрычніка Міністэрства замежных справаў выклікала часовага паверанага ў справах Украіны ў Беларусі Валерыя Джыгуна. У МЗС кіраўніку ўкраінскай дыпламатычнай місіі ўручылі ноту пратэсту ў сувязі з дзеяннямі ўкраінскіх праваахоўнікаў па прымусовым вяртанні самалёта «Белавіі», які ляцеў з Кіева ў Менск.

«Беларускі бок чакае афіцыйных выбачэнняў і патрабуе кампенсацыі ўсіх фінансавых выдаткаў і выдаткаў, выкліканых дзеяннямі ўкраінскага боку», – цытуе прэсавую службу вонкавага палітычнага ведамства «БелТА».

Міністэрства замежных спраў таксама даручыла беларускаму амбасадару ўва Украіне Ігару Сокалу ўручыць аналагічную ноту пратэсту ва ўкраінскае МЗС.

Раней «Белавія» заявіла, што будзе патрабаваць ад Украіны кампенсацыі выдаткаў, звязаных з прымусовай пасадкай.

ДД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары