Мужчына скраў фотарадар, каб не плаціць штраф


Жыхар Воршы вырваў радар з дапамогай аўта і вяроўкі. Фота – прэсавая служба Віцебскага УУС

У выніку здарэння стала вядома, што прылада фіксацыі хуткасці каштуе Br 24 000.

12 кастрычніка 27-гадовы кіроўца двойчы за дзень патрапіў у аб’ектыў фотарадару пад Воршай. Спачатку ён перавысіў хуткасць раніцай, калі адвозіў знаёмых дзяўчат у Віцебск. Пазней парушыў хуткасны рэжым увечары – зноўку на тым жа месцы.

Прэсавая служба УУС Віцебскага аблвыканкаму падае, што аршанец вырашыў знішчыць прыбор, бо, маўляў, два штрафы – гэта зашмат.

Мужчына накінуў на стацыянарную камеру пятлю і з дапамогай аўтамабіля вырваў яе. Пасля ён адправіўся дахаты, дзе паспрабаваў ускрыць прыбор, каб знайсці месца, дзе захоўваюцца здымкі

Раніцай наступнага дня да яго прыйшлі міліцыянты і патлумачылі, што кадры адразу перадаюцца ў цэнтр фіксацыі правапарушэнняў у Менску.

Паводле міліцыі, сваймі дзеяннямі мужчына прычыніў дзяржаве шкоду ў памеры больш за Br 24000.

Супраць яго завялі крымінальную справу.

ДД; фота анонсу – pdd.by

Стужка навінаў