Мінінфарм прыгарнуў «космас» і FM-станцыі


Міністэрства інфармацыі стала ўладальнікам доляў у дзвюх радыёстанцыях і адным кабельным аператары Беларусі. Гэта вынікае з пастановы Савету міністраў № 794 ад 30 верасня.

Урад даручыў перадаць ва ўпраўленне ведамства долі ў статутным фондзе трох прадпрыемстваў, якія раней знаходзіліся ў гаспадарчым распараджэнні рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Беларускі радыётэлевізійны перадаючы цэнтр».

Пад крыло Міністэрства інфармацыі трапілі:

  • «Бі Эй Інтэрнэшнл» (доля Мінінфарму складзе 34 %)
  • ТАА «Рэдакцыя радыёпраграмы «Рускае радыё» (34 %)
  • ТАА «Космас ТБ Медыя» (29 %)

«Тэхнічна не адбылося нічога новага. Акцыі былі ў адной дзяржаўнай арганізацыі, іх перадалі іншай дзяржаўнай арганізацыі. А вось тое, што Мінінфарм і без акцыяў наўпрост курыраваў дзейнасць радыёстанцый, адсочваў ці прытрымліваюцца правіла 75 % айчыннай музыкі, адкуль бяруць навіны – гэта не зменіцца. Толькі, магчыма, Мінінфарм будзе наўпрост уплываць яшчэ і на кадравую палітыку рэдакцыяў», – патлумачыў ў размове з belsat.eu медыязнаўца Паўлюк Быкоўскі.

З 3 кастрычніка 2016 года «Беларускі радыётэлевізійны перадаючы цэнтр» далучыўся да кампаніі «Белтэлекам». У выніку «Белтэлекам» стаў манапалістам у трансляцыі эфірнага радыё і ТБ.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары