Лілія Ананіч назвала беларускую журналістыку «касою і крывою»


Лілія Ананіч, Фота belta.by

Міністр інфармацыі Беларусі паўдзельнічала ў запісе тэлепраграмы «Клуб рэдактараў», якая выйшла 7 лютага ў вячэрнім эфіры канала «Беларусь 1».

Паводле Ананіч,

«інтэрнэт, які прэтэндуе на ролю сродкаў масавай інфармацыі, спарадзіў пэўную зʼяву: выхопліваць з кантэксту слова і падаваць яго ў тым соусе, як прадпісана рэдакцыйным заданнем (…). Калі журналіст, як з куста, слаба разбіраецца ў праблемах той ці іншай галіны, спрабуе кідкім загалоўкам прыцягнуць увагу чытача – атрымліваецца касая і крывая журналістыка. Гэта не журналістыка, гэта не прафесійная праца, і гэта дэструктыўна».

Яна папярэдзіла, што інфармацыйная прастора Беларусі ніколі не стане арэнай, дзе распальваюцца жарсці і дэструктыўныя працэсы, пракаментаваўшы інцыдэнт са збіццём журналіста TUT.by і двух актывістаў падчас суда над графіцістамі.

Паводле Ананіч, Павел Дабравольскі прымаў актыўны ўдзел «у канфлікце».

«Мы атрымалі афіцыйны адказ з Міністэрства ўнутраных справаў, які яскрава сведчыць аб парушэнні працэсуальнага заканадаўства і ўжыванні законных мераў уздзеяння на ўдзельнікаў гэтага інцыдэнту. Журналіст не можа быць актыўным бокам канфлікту. Калі такое атрымліваецца, значыць гэта не журналістыка, значыць гэта нейкія дзеянні, скіраваныя на дыскрэдытацыю прафесіі, а не на атрыманне інфармацыі».

ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары