Менскія ўлады выставілі ўльтыматум графіцісту-партызану


Менгарвыканкаму не спадабаўся новы варыянт братэрскага муралу.

«Гарадскія ўлады падтрымліваюць стрыт-арт, аднак гэта не значыць, што камусьці будзе дазволена ўмешвацца ва ўжо створаныя ў горадзе працы. Ўчынак невядомага графіціста, які ўнёс змены ў малюнак аб сяброўстве Масквы і Менску – гэта, перш за ўсё, непавага да расейскага мастака Артура Кашака і адкрытае хамства ў адносінах да менчукоў», – распавяла «Беларускім навінам» прэсавы сакратар Менгарвыканкаму Алена Мохар.

Яна падкрэсліла, што малюнак у любым выпадку адновяць у першапачатковым варыянце, а асоба аўтара «калючага дроту» будзе ўсталяваная ў бліжэйшы час.

Гарадскія ўлады прапануюць мастаку «да канца гэтага тыдня выправіць малюнак самастойна, у адваротным выпадку панесеныя горадам выдаткі будуць выстаўлены яму ў судовым парадку».

Мастак, які дамаляваў калючы дрот да муралу на вуліцы Магілёўскай, заявіў журналістам, што не мае намеру выпраўляць малюнак.

«Прапаную ўладам Менску зафарбаваць гэта ўбоства і не ганьбіцца. Гэты «падарунак» ганьбіць выдатны горад Менск, які заслугоўвае лепшага », – паведаміў вулічны мастак.

Калючы дрот «прарос» на графіці на шматпавярховіку на сталічнай вуліцы Магілёўскай, 32 у нядзелю раніцай.

Графіці з’явілася на гэтым доме сёлета ўлетку з нагоды Дня Расеі.

ДД

Глядзі таксама
Каментары