Лукашэнка – губернатару Пензенскай вобласці: «Вы павінны ведаць, што прыехалі, як да сябе дамоў»


Сёння Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з губернатарам Пензенскай вобласці Іванам Белазерцавым. Падчас сустрэчы гаворка ішла, у асноўным, пра эканамічную супрацу.

Лукашэнка запэўніў Белазерцава, што той «можа разлічваць» на Беларусь.

«Вы павінны ведаць, што прыехалі, як да сябе дамоў. Мы вас з вялікім задавальненнем тут сустракаем і гатовыя аказаць усялякае садзейнічанне. Ня толькі таму, што мы зацікаўленыя ў супрацы з вамі, а проста таму, што мы родныя людзі. І жыць нам разам доўгія часы. Таму я заўжды вітаю губернатараў, якія ў свой час выратавалі наш саюз Беларусі і Расеі», – заявіў кіраўнік краіны.

Адным з перспектыўных кірункаў Лукашэнка назваў узаемадзеянне з Пензенскай вобласцю ў будаўнічым сектары і жыллёва-камунальнай гаспадарцы.

«Нашыя кампаніі маюць станоўчы досвед пабудовы жылля, будаўніцтва дарог, у тым ліку, у Расеі. Калі вам будзе неабходна, мы гатовыя забяспечыць рэгіён гэтымі працамі і неабходнай тэхнікай», – сказаў Лукашэнка.

Ён таксама звярнуў увагу на магчымасць паставак у Пензенскую вобласць пасажырскага транспарту і сельскагаспадарчай тэхнікі.

Летась тавараабарот паміж Беларуссю і Пензенскай вобласцю павялічыўся на 8% і перавысіў 50 млн долараў.

КА, belsat.eu, паводле belta.by, фота president.gov.by

Глядзі таксама
Каментары