Курс еўра ўпаў пасля рэферэндуму ў Грэцыі


Курс еўра адносна долара ЗША і японскай іены на сусветных фондавых біржах упаў пасля абвяшчэння папярэдніх вынікаў рэферэндуму ў Грэцыі.

Паводле агенцтва AFP, у пятніцу 3 ліпеня € 1 каштавала $ 1,0963, а пасля абвяшчэння папярэдніх вынікаў рэферэндуму ў Грэцыі яго курс на электронных таргах знізіўся на 1,58 %.

Курс еўра да іены апусціўся падчас біржавых гандляванняў да 135,35 іен за € 1. Яшчэ ў пятніцу за € 1 давалі 136,47 іены, інфармуе interfax.com.ua. Падзенне курсу еўра да іены, такім чынам, склала крыху менш за 1 %.

Па словах фінансістаў, грэцкія банкі знаходзяцца ў небяспечнай блізкасці ад калапсу, падае Бі-Бі-Сі.

Калі гэта адбудзецца, мільёны грэкаў страцяць зберажэнні, кампаніі збанкрутуюць, у краіне могуць катастрафічна скараціцца запасы харчавання і медыкаментаў.

Як адзначаюць аналітыкі, банкам у Грэцыі неабходны надзейны крэдытор, аднак Еўрапейскі Цэнтральны банк можа не ўзяць на сябе гэтую функцыю зноў.

Еўрапейская камісія, якая разам з Міжнародным валютным фондам і Еўрапейскім Цэнтрабанкам, уваходзіць у тройку галоўных міжнародных крэдытораў Грэцыі, патрабавала ад Афінаў павелічэння падаткаў і скарачэння сацыяльных дапамог з тым, каб яны змаглі выканаць свае даўгавыя абавязкі.

У нядзелю грэкі большасцю галасоў адхілілі ўмовы міжнародных крэдытораў, пры выкананні якіх Грэцыя магла б атрымаць экстраныя пазыкі. 

Тым не менш, шмат якія еўрапейскія палітыкі лічаць, што дзверы для перамоваў з Афінамі па-ранейшаму адчыненыя.

Міністр фінансаў Грэцыі Яніс Варуфакіс абвясціў, што сыходзіць у адстаўку. Паводле ягоных словаў, такое патрабаванне вылучылі некаторыя з прадстаўнікоў Еўрагрупы на перамовах у справе грэцкага пазыковага крызісу.

МЯ, паводле bbc.com, interfax.com.ua, uk.finance.yahoo.com

Стужка навінаў