Крым сігналізуе «SOS»

video

Роўна два гады таму ў Маскве быў падпісаны дагавор аб прыняцці Крыму ў склад Расеі. І пакуль расейскі прэзідэнт абяцае пабудаваць мост праз Керчанскі праліў ды падлічвае страты ад санкцыяў, міжнародныя арганізацыі па правах чалавека турбуюцца за лёс мясцовых жыхароў.

Роўна два гады таму ў Маскве быў падпісаны дагавор аб прыняцці Крыму ў склад Расеі. І пакуль расейскі прэзідэнт абяцае пабудаваць мост праз Керчанскі праліў ды падлічвае страты ад санкцыяў, міжнародныя арганізацыі па правах чалавека турбуюцца за лёс мясцовых жыхароў, якія на працягу двух гадоў падвяргаюцца рэпрэсіям і жывуць у пастаянным страху. Кацярына Ерусалімская.

Ужо два гады ўкраінскія актывісты ўсімі сіламі падтрымліваюць крымскіх татараў. Паводле міжнародных праваабаронцаў, яны падвяргаюцца рэпрэсіям і жывуць у пастаянным страху. Незаконныя затрыманні, суды, збіццё, катаванні ды пераслед – так выглядае жыццё пад новай уладай паўвыспы.

«Падчас акупацыі іх шмат прапала без вестак. І мы ведаем, што нікога не знайшлі жывым. Гэта як мінімум ад 12 да 20 людзей. Дакладных лічбаў няма – кажа Яўгенія Андраюк, актывістка «Крым SOS».

Пра сталы пераслед крымскіх татараў і тых, хто проста выступае супраць палітыкі Пуціна, гаворыцца ў справаздачы арганізацыі маніторынгу правоў чалавека «Гʼюман Райтс Ўотч». У сваю чаргу, крымскататарскі палітык Рэфат Чубараў мяркуе, што расейскія ўлады перад усім светам спрабуюць ачарніць карэнную крымскую нацыю.

«Яны хочуць паказаць крымскіх татараў як пагрозу – праз іхную веру, іслам. Яны хочуць паказаць іх як пагрозу, ад якой просяць дапамогі ва ўсяго свету», – кажа Чубараў.

Аднак ні асуджэнне міжнароднай грамадскасці, ні санкцыі Захаду, уведзеныя ў сувязі з акупацыяй паўвыспы, не спыняюць Пуціна.

Сёння ў гонар другой гадавіны анексіі Крыму расейскі прэзідэнт наведаў паўвостраў, каб праверыць будаўніцтва керчанскага мосту і правесці нараду аб развіцці рэгіёну.
Некаторыя мясцовыя жыхары з радасцю адрэагавалі на ягоны прыезд, арганізаваўшы ў Севастопалі святочны парад.

«Мы шчаслівыя! Мы 23 гады пра гэта марылі! І я не думаў, што дажыву да гэтага моманту», – заяўляе Вячаслаў Бебнеў, атаман Казацкай акругі Севастопалю.

Святочны парад запланаваны і ў Маскве.

Глядзіце рэпартаж Кацярыны Ерусалімскай у выданні «Свету».

Глядзі таксама
Каментары