Спачатку малому і сярэдняму бізнесу стварылі ўмовы, у якіх немагчыма працаваць. А калі гандляры выйшлі на пратэсты, іх пачалі штрафаваць на вялікія сумы.
Сорак базавых велічыняў, або амаль Br 850 мусіць заплаціць індывідуальны прадпрымальнік з Барысава Алесь Абрамовіч.
«Мы назіралі судзілішча. Мы будзем і надалей змагацца за правы прадпрымальнікаў і дэмакратычную будучыню Беларусі. Буду апратэстоўваць, безумоўна, у судзе», – кажа Алесь Абрамовіч, ІП.
Падставаю для спагнання стаў мітынг прадпрымальнікаў 5 чэрвеня ў Баранавічах. За гэтую акцыю ў мінулым месяцы аштрафавалі яшчэ аднаго бізнесоўцу – праўда, удвая меншым штрафам. Самога ж Абрамовіча судзілі і за іншыя мітынгі супраць указу № 222 – напрыклад.
«Гэта абсурд, што чалавека, які хоча адстойваць правы сваіх землякоў, яшчэ судзяць за гэта», – мяркуе Анатоль Букас, прадпрымальнік, рэдактар «Борисовские новости».
Судзяць не ўсіх, бо і на пратэсты выходзяць не ўсе. Гандляры, якія здолелі сабраць неабходныя дакументы на сертыфікацыю, працуюць на рынках. Але распавядаюць, што ў вельмі цяжкіх умовах.
«Няма грошай у людзей. Вельмі цяжка працаваць, толькі падаткі плачу!», – распавядае гандлярка з Чэрвеньскага рынку, што ў Менску.
«Першая праблема, што ў нашых людзей няма грошай. У сувязі з тым, што мы ўзялі ўсе дакументы, тавар стаў даражэйшы», – дадае яшчэ адна прадпрымальніца.
І наконт падаткаў. Амаль траціну ўсіх падаткаў у бюджэт паступіла акурат ад дробнага і сярэдняга бізнесу. Гэта звесткі Міністэрства падаткаў і збораў за першае паўгоддзе сёлета. Плацяжы ад індывідуальных прадпрымальнікаў павялічыліся на 4 % – да больш Br 200. Ці азначае гэта, што для большасць гандляроў не лічаць новыя ўказы праблемай?
«Асноўная маса пачала рабіць дакументы і сертыфікаты, але гэта 10 %. Іншыя працуюць пакуль няма правяранняў. Вось у нас учора сказалі, што будуць правяранні – усе зачыніліся», – тлумачыць ІП Васіль Бараноўскі.
Актывіст абʼяднання прадпрымальнікаў «Перспектыва» Васіль Бараноўскі кажа, што на наступныя форумы прадпрымальнікі плануюць збірацца, калі скончыцца лета. Цяпер жа на рынках зацішша.
Ганна Любакова, «Белсат»