ІП з Усходняй Беларусі масава пераводзяць бізнес на расейскія рэйкі

video

Шмат хто працуе на ўласную рызыку, не маючы сертыфікатаў на прадукцыю, іншыя намагаюцца прыстасавацца да ўмоваў указу № 222. Тым, хто жыве ля мяжы, – традыцыйна лягчэй. Гэтак, гомельскія ІП паволі перабіраюцца ў расейскія гарады – Навазыбкаў, Клінцы, Бранск і Арол. За мяжой умовы працы аказаліся нашмат прасцейшыя, чымся на радзіме.

«Я гэтыя ўмовы проста абагаўляю! Бо ў параўнанні з беларускімі ўмовамі існавання і выжывання нашых прадпрымальнікаў – тут проста рай. Але тут трэба працаваць», – дзеліцца досведам гандляр з Добрушу Вадзім Панамароў.

Гэтак, нават арэнда аднаго квадратнага метру гандлёвай плошчы ў тых жа расейскіх Клінцах каштуе менш за $ 9, тады як у Гомлі – кошты могуць дасягаць некалькіх дзясяткаў долараў. Паводле прадпрымальнікаў, беларускія ІП пераязджалі ў Расею ўжо даўно. Увядзенне ж абавязковых сертыфікатаў толькі прыспешыла справу, кажуць бізнесоўцы.

«Калегаў вельмі шмат, проста ня ўсе хочуць пра гэта казаць. Але людзі зʼязджаюць. Адно магу сказаць – калі б там было больш працоўных месцаў, зʼехалі б ужо ўсе», – упэўненая Святлана Калачова, прадпрымальніца з Гомля.

Гомельскі прадпрымальнік Міхаіл Латышаў не ведае, ці зʼедзе ўслед за сваймі калегамі працаваць у Расею. Пакуль што – прыпыняе бізнес на радзіме і перадае свой гандлёвы павільён, куды, як сам кажа, уклаў каля $ 20 000, – дзяржаве. Адкуль такая шчодрасць?

«Каб проста не несці гэтыя страты за абслугоўванне, за выдаткі – вунь, Br 7 млн 600 тыс трэба штомесяц за 24 метры плаціць. Мы проста хочам пазбавіцца, як у часы калектывізацыі – каб не плаціць, нічога не маючы», – тлумачыць прадпрымальнік Міхаіл Латышкаў.

Паводле прадпрымальніка, апошнія змены ў заканадаўстве, такія, як абавязковая сертыфікацыя прадукцыі, усталяванне касавых апаратаў і няспынны рост арэнднай платы, прывялі да таго, што не мець бізнесу стала танней, чымся намагацца выйсці прынамсі ў нуль.

Усевадад Шлыкаў, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары