ІП знішчаюць на карысць алігархаў Лукашэнкі?


Гіпермаркет «Карона», які належыць блізкаму да Аляксандра Лукашэнкі бізнесоўцу Паўлу Тапузідысу (БАЗА), актыўна пашырае асартымент вопраткі, абутку ды бытавых тавараў. У планах – распаўсюд гэтай мадэлі на рэгіёны.

Адна з галоўных перашкодаў на гэтым шляху для «Кароны», «Еўраопту» ці «Прастору», які належыць яшчэ аднаму сябру Лукашэнкі – Юрыю Чыжу – тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў, якія аператыўна рэагуюць на мясцовы попыт і задавольваюць яго таннай імпартаванай прадукцыяй.

«Пэўная выгада ад таго, што закрыюцца ІП ёсць пэўным групам буйнога бізнесу, якія працуюць у галіне рэалізацыі тавараў лёгкай прамысловасці або плануюць. Мы ведаем, што некаторыя раздробныя сеткі хацелі стварыць больш за 100 крамаў рэгіёнах», – зазначае Віктар Маргелаў, старшыня «Канфедэрацыі прадпрымальнікаў».

Але змагацца за гаманцы пакупнікоў мясцовыя алігархі вырашылі не рынкавай канкурэнцыяй у коштах ці асартыменце, а адміністратыўнымі захадамі – карыстаючыся асабістымі кантактамі з кіраўніком краіны. Паводле сцверджання Паўла Тапузідыса, у кастрычніцкім інтэрвʼю газеце «Наша Ніва», Аляксандр Лукашэнка прыняў указ нумар 222 менавіта пад ягоным уплывам.

«Калі нам забаранілі гандляваць півам і гарэлкай пасля 22:00, я падняўся і сказаў: Аляксандр Рыгоравіч, гэта няправільна. І ён адразу са мной пагадзіўся, рашэнне было адмененае. Ці аб сертыфікатах. Я казаў: людзей трэба прывучаць, каб спажывец, купляючы куртку, павінен быць упэўнены ў якасці тэрмаапрацоўкі. І там адстаяў, і там адстаяў», – распавядае Павел Тапузідыс, уладальнік сеткі «Карона».

Паводле прадстаўнікоў дзелавой супольнасці, працэс сертыфікацыі зрабілі настолькі дарагім, што дзейнасць ІП з ёй становіцца стратнай, таму ІП масава адмовіліся на гэта ісці. Тады падключылі падатковую і санітарную інспекцыі. На думку Віктара Маргелава, апрача згаданай групы буйных бізнесоўцаў, такія захады – не выгадныя нікому.

«Асабліва драматычная сітуацыя ў рэгіёнах. Дзе вострым становіцца пытанне забеспячэння людзей таварамі лёгкай прамысловасці першай неабходнасці. Страчвае бюджэт. Мясцовыя, асабліва, страчваюць», – мяркуе Віктар Маргелаў»

Што на гэты конт думаюць самі спажыўцы, мы спыталіся ў жыхароў Менску.

«Ну, калі ёсць манапаліст, то ён, адпаведна і кошты будзе задзіраць павышэй», – кажа мянчук.

«Нам пакупнікам шкада, безумоўна. Таму што на рынках нам выгодна купляць тавары», – дадае жанчына.

Аляксандр Лукашэнка, аднак, на выказаныя яму асцярогі адказаў нядаўна зʼедлівым папярэджаннем.

«З першага студзеня мядовыя гады іх закончыліся…….І трэба ім разумець, што сертыфікацыя прадукцыі, на якую мы пайшлі, гэта толькі першы крок», – даводзіць кіраўнік краіны, Аляксандр Лукашэнка.

Улады заяўляюць, што проста хочуць ураўнаважыць умовы бізнесу для ўсіх. Але адмыслоўцы адзначаюць, што ва ўсіх іншых пытаннях гэтыя ўмовы для буйнога і малога бізнесу ўрад ураўнаважваць не імкнецца.

«У прынцыпе, сёння цяжка ўсім. Але зразумела, што роўных умоваў сёння няма. Індывідуальным прадпрымальнікам не даюць бясплатных пляцовак для будаўніцтва гіпермаркетаў.Бо ў іх няма 20 мільёнаў долараў. Індывідуальным прадпрымальнікам і малому бізнесу не даюць сёння зніжак на 50%», – падсумоўвае Віктар Маргелаў.

Таксама ўлады апелююць да сваіх абавязкаў перад партнёрамі з Еўразійскага саюзу. Але ад уласных ІП расейскія ўлады не толькі не патрабуюць названай сертыфікацыі, але ўвогуле абвясцілі мараторый на праверкі малога бізнесу.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»

Стужка навінаў