«Інтэгратары» на чале з Мядзведзевым прыехалі ў Горадню


Еўразійскі міжурадавы савет распачаў паседжанне ў Горадні. Удзел у сустрэчы бяруць прэм’ер-міністры Беларусі, Арменіі, Расеі, Казахстану і Кыргызстану. Плануецца, што чыноўнікі будуць абмяркоўваць фінансавую стабільнасць ЕАЭС.

Чакаецца, што на сустрэчы падпішуць Дамову аб каардынацыі дзейнасці па абароне правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці і Дамову аб пілотным праекце па маркіроўцы тавараў кантрольнымі знакамі.

Сустрэча кіраўнікоў ураду для шараговых гарадзенцаў азначае заторы і перакрыццё асобных вуліцаў. З 10.00 да 18.00 перыядычна будуць перакрытыя трасы М6, Р41, а таксама вуліцы ў цэнтры гораду, паведамілі ў ДАІ. Гэтак, рух абмяжуюць на трасе Р41 ад санаторыя «Азёрны» да трасы М6, на самой М6 на адрэзках ад Скідзелю да Горадні, а таксама ад Горадні да Брузгоў і кавалак ад Брузгоў да Каробчыцаў. У цэнтральнай частцы гораду будзе абмежаваны рух і паркоўка, – паведамляе гарадзенскі рэсурс «Твой стыль».

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў