«Хутка за касяк пачнуць расстрэльваць». Саліст Botanic Project атрымаў 9 гадоў турмы


Клім Малажавы

За 40 грамаў гашышу і 17 грамаў марыхуаны Клім Малажавы атрымаў дзевяць гадоў турмы, Канстанцін Гарачы – тры.

Увечары 27 ліпеня ў Маладзечне і каля вёскі Крыніца міліцыянты затрымалі трох музыкаў. У іх знайшлі каля 40 грамаў гашышу і каля 17 грамаў высушанай марыхуаны.

Начальнік аддзялення па наркакантролю і супрацьдзеянню гандлю людзьмі Маладзечанскага РАУС Дзмітрый Сухоцкі паведамляў, што асноўным падазраваным па справе праходзіць «32-гадовы жыхар Маладзечна, заснавальнік вядомага музычнага гурта, які выконвае музыку ў стылі рэгі». Ім аказаўся Клім Малажавы.

Разам з ім затрымалі таксама сябра Кліма, Канстанціна Гарачага.

Сёння гурт паведаміў, што Малажаваму далі 9 гадоў.

«Усё абвінавачанне збудаванае з вусных паказанняў Косці Гарачага, без самай маленькай доказнай базы, якая б сведчыла пра распаўсюд. Ані пазначаных грошай, ані тэлефонных размоваў, ані аналізу генома – нічога. Дэманстратыўнае пакаранне дзіравай сістэмы проста паводле словаў аднаго чалавека, – пішуць музыкі. – Хутка за касяк пачнуць расстрэльваць».

«Белорусский партизан» падае, што Канстанціну Гарачаму далі тры гады.

Сёлета гурту «Botanic Project» споўнілася дзесяць гадоў. 22 кастрычніка, у дзень нараджэння калектыву музыкі выклалі ў сеціва пяты студыйны альбом «Казка».

ДД

Глядзі таксама
Каментары