Ганна Канапацкая распавяла пра фінансаванне кампаніі «Наперад, Беларусь!»


Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая падвяла першыя вынікі грамадзянскай кампаніі «Наперад, Беларусь!», аб стварэнні якой яна абвясціла месяц таму. Па словах Канапацкой, гэтая кампанія, дзякуючы яе дэпутацкім паўнамоцтвам, «мае рэальны механізм уздзеяння на чыноўнікаў».

Кампаніяй «Наперад, Беларусь!» кіруе памочнік Канапацкай Дзяніс Ціханенка.

«Сёння мой памочнік працягвае індывідуальныя гутаркі з кожным, хто падпісаў анкету (на далучэнне да кампаніі – рэд.). Фармуецца ядро ​​кампаніі з людзей, гатовых удзельнічаць у лютаўскіх выбарах у мясцовыя Саветы ў якасці кандыдатаў, валанцёраў, назіральнікаў», – гаворыцца ў заяве Канапацкой, апублікаванай на Фэйсбуку.

Кампанія «Наперад, Беларусь!» будзе фінансавацца на прынцыпах краўндфандынгу.

«Ідуць першыя грашовыя пераводы на канкрэтныя неабходныя бягучыя выдаткі – рэкламу ў сацыяльных сетках, стварэнне сайту, распрацоўку лагатыпу, аплату даменаў і хостынгу, выраб інфармацыйных і агітацыйных друкаваных матэрыялаў. Нагадваю, што фінансаванне кампаніі ажыццяўляецца шляхам збору сродкаў на сваю дзейнасць. Грамадзянская кампанія «Наперад, Беларусь!» зʼяўляецца першай у краіне, якая публічна штомесяц дае справаздачу аб сваёй дзейнасці і выдатках. Усе сабраныя сродкі накіроўваюцца толькі на мэтавую праектную дзейнасць, якая не ўключае ў сябе стаўкі з фіксаванымі акладамі», – кажа Канапацкая.

З заявай аб стварэнні кампаніі «Наперад, Беларусь!» Канапацкая выступіла 9 кастрычніка. У тэксце заявы адзначалася, што большасць беларусаў не вераць «ні дзейнай уладзе, ні існуючай апазіцыі». Анатоль Лябедзька – лідар Абʼяднанай грамадзянскай партыі, сябрам якой зʼяўляецца Канапацкая – заявіў тады, што стварэнні новага руху не было ўзгоднена з партыяй. Палітрада АГП раскрытыкавала заяву Канапацкай і запатрабавала тлумачэнняў.

Памочнік Канапацкая Дзяніс Ціханенка ўзяў палітычную адказнасць за гэтую сітуацыю і 13 кастрычніка быў вымушаны напісаць заяву аб выхадзе з АГП. Канапацкая ў сваю чаргу прызнала, што «некаторыя фармулёўкі маёй заявы былі не зусім карэктныя, што выклікала масу пытанняў».

У сённяшняй заяве Канапацкай ужо адсутнічаюць спасылкі на недавер людзей да апазіцыі і некалькі разоў падкрэсліваецца намер весці сумесную працу з правацэнтрысцкай кааліцыяй АГП, БХД і руху «За свабоду».

КА, belsat.eu

Стужка навінаў