ФСБ абвінавачвае выкрадзенага ў Беларусі Паўла Грыба ў падрыхтоўцы выбуху ў школе ў Сочы

Wideo

Павел Грыб у судзе. Фота - Фэйсбук

Па версіі расейскіх спецслужбаў, 19-гадовы Павел Грыб, які быў звязаны з украінскімі нацыяналістамі, прапанаваў знаёмай дзяўчыне з Сочы падарваць бомбу на школьнай лінейцы.

Аб гэтым піша газета «Коммерсант» са спасылкай на крыніцы ў праваахоўных органах Расеі.

Пры гэтым выданне не паведамляе, што цяпер з гэтай дзяўчынай – ці з’яўляецца яна фігурантам гэтай крымінальнай справы і ў якім працэсуальным статусе знаходзіцца.

Напрыканцы жніўня бацька Паўла Грыба, былы супрацоўнік памежнай службы Украіны Ігар Грыб заявіў, што яго сын знік 24 жніўня, паехаўшы ў Гомель на сустрэчу з расейскай дзяўчынай, з якой хлопец некалькі месяцаў перапісваўся ў інтэрнэце. Ігар Грыб заявіў, што яго сына ў Беларусі выкралі супрацоўнікі ФСБ.

Дзяўчына, з якой вёў перапіску Грыб, у сваю чаргу выйшла на сувязь з журналістамі і паведаміла, што была вымушана прызначыць сустрэчу Паўлу ў Гомлі пад ціскам ФСБ.

«Я паверыла супрацоўнікам ФСБ. Павел меркаваў, што гэта можа быць пастка, каб яго арыштаваць, але хацеў мне дапамагчы і ўсё-ткі паехаў», – распавяла ў жніўні belsat.eu дзяўчына з Сочы, якая назвалася Таццянай.

Паводле дзяўчыны, яна нібыта знаходзіцца па справе Грыба ў статусе сведкі. Але сваякі Паўла лічаць, што гэта была правакацыя ад самага пачатку і замест Таццяна ўвесь гэты час перапісваўся з ФСБ.

Беларускі бок факт перасячэння Грыбам мяжы пацвердзіў і дадаў што ніякіх прэтэнзіяў да яго не ўзнікла, але звесткі пра выкраданне хлопца ў Гомлі ніяк не пракаментаваў. Пазней суд Краснадара паведаміў, што пастанова аб арышце Паўла Грыба была вынесена 17 кастрычніка (то бок да таго, як адбылося перасячэнне беларускай мяжы), хлопец быў у міжнародным вышуку паводле абвінавачвання ў тэрарызме. Цяпер 19-гадовы ўкраінец знаходзіцца ў краснадарскім СІЗА.

Украіна лічыць ягоны пераслед палітычным, а абвінавачванні сфабрыкаванымі.

У сераду Кастрычніцкі раённы суд Краснадара падоўжыў арышт выкрадзенаму ў Беларусі ўкраінцу Паўлу Грыбу да 4 студзеня 2018 года.

«Абгрунтоўваючы сваё хадайніцтва, прадстаўнік следства растлумачыў, што Павел Грыб зʼяўляецца прыхільнікам радыкальных нацыяналістычных поглядаў УНА-УНСО і абвінавачваецца ў тым, што схіляў сваю знаёмую жыхарку Краснадарскага краю здзейсніць падрыў самаробнай выбуховай прылады на выпускной лінейцы ў сярэдняй школе №26 гораду Сочы. На думку следства, вызваленне Грыба з ізалятара немэтазгодна, так як малады чалавек не мае месца жыхарства ў Расеі, зʼяўляецца прыхільнікам радыкальных поглядаў, а яго дзеянні ўяўляюць вялікую грамадскую небяспеку», – піша «Коммерсант».

Если человека похитили в другой стране, то и задержали незаконно, и стражу продлевают незаконно. Пять недель не могу добиться, чтобы человеку этому дали лекарство. #Павелгриб

Publié par Андрей Сабинин sur mercredi 18 octobre 2017

Сілавікі таксама адмаўляюць наяўнасць у Паўла Грыба якіх-небудзь праблемаў са здароўем, хаця паводле сваякоў хлопца ён пакутуе на хранічныя захворванні. Украінскія лекары лічаць, што стан здароўя Паўла Грыба ў СІЗА пагоршыўся і ў цяперашні момант з’яўляецца цяжкім, а неабходнай медычнай дапамогі яму не аказваюць.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары