Энергетычная контррэвалюцыя Доналда

video

Біржы па ўсім свеце адрэагавалі на перамогу Трампа абвалам індэксаў, якога не было 15 гадоў з часоў тэракту ў Сусветным Гандлёвым Цэнтры.

Паводле аналітыкаў, інвестары чакалі ад Хілары Клінтан стабільнага развіцця амерыканскай эканомікі. Ад Трампа чакаюць непрадказальнасці і рызыкаў. Моцна ўпалі і кошты на вуглевадароды. Аднак тут прычына даволі пэўная. Кандыдат-рэспубліканец у выбарчай праграме абяцаў заліць рынкі амерыканскай нафтай. Як гэта адабʼецца на ЗША і што тут зможа атрымаць Беларусь? Прапануем вашай увазе матэрыял Яраслава Сцешыка.

Ён паставіў на галасы простых амерыканцаў – шахцёраў і нафтавікоў – і перамог. Цяпер абяцае багацце і дабрабыт – таксама па-простаму.

«У нас выдатны эканамічны план. Мы падвоім наш эканамічны рост, і будзем наймацнейшыя ў свеце. Разам з тым мы паладзім з усімі народамі свету, якія захочуць паладзіць з намі», – заявіў наступны прэзідэнт ЗША.

Яшчэ ў кастрычніку Трамп паабяцаў зняць абмежаванні на здабычу федэральных рэзерваў карысных выкапняў, у тым ліку нафты, газу і вугалю. Рэсурсы пойдуць і на ўнутраны, і на міжнародны рынак.

Вось што пра гэта кажа Пётр Мацёнжэк, шэф-рэдактар выдання «Energetyka24.pl»:

«Трамп будзе надалей надаваць вялікую ўвагу да шахцёрскіх штатаў, да здабычы вугалю, да высокаэмісійнай энергетыкі. Зусім іначай, чым Хілары Клінтан, якая робіць вялікую стаўку на аднаўляльныя крыніцы энергіі, на новыя тэхналогіі».

Доналд Трамп не верыць папярэджанням метэаролагаў аб Глабальным пацяпленні і пагрозе падвышэння ўзроўню акіянаў. Трамп верыць у танны вугаль. Таму абяцае адмовіцца ад удзелу ЗША ў адпаведных праграмах ААН. Гэта тычацца і леташняга Парыжскага пагаднення аб абмежаванні выкідаў СО2, што ставіць пад пагрозу ўдзел іншых краінаў.

«Парыжскія пагадненні прайшлі праз гады і месяцы карпатлівых шматбаковых перамоваў, ад пачатку да самага канца. Тут, у Парыжы, рэчы былі няпэўныя да апошняй хвіліны. Думаю, будзе жахлівай памылкай змяніць курс і адмяніць гэтае гістарычнае пагадненне», – адзначае Стэфан Дзюжарык, прэс-сакратар Генеральнага сакратара ААН.

«Газпром» далей будзе губляць пазіцыі на еўрапейскім рынку

«Пагроза глабальнага пацяплення вельмі сурʼёзная. Яна неадкладная, і яна расце. Рэакцыю нашага пакалення на гэты выклік будзе судзіць гісторыя. Калі мы не зможам сустрэцца з ім смела, хутка і ўсе разам, мы рызыкуем асудзіць наступныя пакаленні на незваротную катастрофу», – заяўляў у 2009-м Барак Оўбама.

Хілары Клінтан абяцала з дапамогай ветракоў і сонечных панэляў зрабіць са Злучаных Штатаў «энергетычную звышдзяржаву». Цяпер гэтыя мары зруйнаваныя… Але рана хаваць амерыканскую аднаўляльную энергетыку, прынамсі, у бліжэйшыя гады.

«Амерыканскі федэральны бюджэт будзе падтрымліваць развіццё не толькі сланцавай галіны, але і агулам новыя тэхналогіі. Нягледзячы на скептыцызм Трампа адносна аднаўляльных крыніцаў энергіі, пэўныя стартапы, а таксама сурʼёзныя фірмы, такія, як «Тэсла», абавязкова змогуць разлічваць на грошы амерыканскага падаткаплатніка», – мяркуе Пётр Мацёнжэк.

А «Газпрому» варта разлічваць на далейшую страту пазіцыяў на еўрапейскім рынку.

«Незалежна ад перамогі Клінтана ці Трампа ў амерыканскіх элітах ёсць пэўны кансэнсус, што трэба павялічваць экспарт сланцавага газу і сланцавай нафты на сусветны рынак. Гэта датычыцца нават Польшчы, дзе пару тыдняў таму ўпершыню адбылася вялікая канферэнцыя з удзелам амерыканскіх афіцыйных прадстаўнікоў, якія адкрыта казалі: да Цэнтральна-Ўсходняй Еўропы у найбліжэйшым часе мусіць паплыць амерыканскі газ», – заўважае Пётр Мацёнжэк.

Клінтан абяцала зрабіць гэта чыста, прадаваць непатрэбныя лішкі вуглевадародаў. Трамп зробіць, нягледзячы на экалагічныя рызыкі, павялічыўшы здабычу. Праблема ў тым, што гэта можа стаць прыкладам для іншых краінаў.

Сюжэт выйшаў у праграме «Прасвет». Прапануем вашай увазе яе апошняе выданне цалкам:

Глядзі таксама
Каментары