«Дармаед» з Гомля вырашыў заплаціць падатак, але пры адной умове


Відэаблогер Максім Філіповіч, які на сваім Youtube-канале «Гарантый НЯМА» паказвае праўдзівае жыццё ў Беларусі, вырашыў заплаціць «падатак на дармаедства». Але выставіў уладам адну ўмову.

«Вы запішыце мне 183 дні ў працоўны стаж, каб гэта залічвалася ў так званую «пенсію». Хаця я даўно і не думаю пра такі панятак, гледзячы на ўсё, што адбываецца ў нашай краіне. Бо я разумею, што пенсіі, магчыма, не будзе. Нават калі Вы, Аляксандр Грыгорʼевіч, адменіце гэты «збор», нічога не зменіцца. Вы паказалі сваё стаўленне да людзей. Народ не выбачыць… Нават звярнуўшыся ў органы абавязаны абараняць працоўнага, ён нічога не дабʼецца, бо службы, якія павінны яго абараняць, пакрываюць прадпрыемствы. Беларускі народ не рабы. Ніколі імі не былі і не будуць», – кажа блогер у сваім відэа.

Чытаеце таксама >>>

У 2015 годзе мужчына страціў працу на гомельскім прадпрыемстве «Сейсматэхніка», дзе працаваў кіроўцам. Яму без тлумачэння прычынаў не працягнулі кантракт. У Максіма вышэйшая юрыдычная адукацыя, але з таго часу ён так і не знайшоў працу. Напярэдадні 2017-га года ён атрымаў ліст з Міністэрства па падатках і зборах, што мусіць заплаціць «збор на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў».

Ці пойдуць улады на ўмовы Максіма Філіповіча – даведаемся з новага відэа, якое мае зʼявіцца неўзабаве.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў