Дарагая камуналка: якія паслугі падаражэюць з 1 студзеня 2017 года


Савет міністраў змяніў і зацвердзіў тарыфы на некаторыя віды жыллёва-камунальных паслуг на наступны год. Яны зацверджаныя пастановай урада №1035 ад 16 снежня.

Даражэюць цеплаэлектраэнергія, газ і вада

Кошт цеплаэнергіі будзе павялічаны на 17% – да 15,6098 руб. за 1 Гкал. На столькі ж вырастуць кошты на прыродны газ у ацяпляльны перыяд.

Вырастуць тарыфы па электраэнергіі на працу ліфтаў: з цяперашніх 0,26 руб. да 0,47 руб.

Кошт  самой электраэнергіі не зменіцца. Таксама ранейшымі застануцца тарыфы на санітарнае ўтрыманне дапаможных памяшканняў жылога дому і вываз смецця.

Значна вырастуць тарыфы на карыстанне вадой. Субсідаваныя тарыфы на водазабеспячэнне плануецца зрабіць не больш за 0,5301 за 1 кубаметр (цяпер 0,2790 руб.); водаадвядзенне (каналізацыю) – не больш за 0,354 руб. за 1 кубаметр (цяпер 0,1863 руб.); тэхнічнае абслугоўванне жылога дому – не больш за 0,1 руб. за 1 кв.м агульнай плошчы жылога памяшкання ў месяц (цяпер 0,0995 руб.); тэхнічнае абслугоўванне ліфта – не больш за 1,19 руб. з аднаго жыхара ў месяц (цяпер 0,6911 руб.).

Тарыфы на водазабеспячэнне, водаадвядзенне (каналізацыю), тэхабслугоўванне жылога дому, якія забяспечваюць поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных затрат, не зменяцца. Тарыф на тэхабслугоўванне ліфта вырасце да 1,33 рубля ў месяц з аднаго жыхара (у гэтым годзе – 1,2 рубля).

Цяпер беларусы аплачваюць 44 % камунальных паслугаў. Да канца 2017-га ўлады плануюць павялічыць кампенсацыю камунальных паслугаў насельніцтвам да 75-ці %.

Павышэнне тарыфаў пачнецца ў студзені, пры гэтым улады падкрэсліваюць што падаражэе жыроўка не больш як на $ 5 у эквіваленце. Калі сабекошт паслугаў ЖКГ не знізіцца, гэта будзе азначаць, што налета камуналка за тыповую «двушку» можа падаражэць не на Br 10, як ужо запланавана з 1 студзеня, а на 30–40 рублёў.

Паводле разлікаў кіраўніка праекту «Кошт ураду» Уладзіміра Кавалкіна, пасля Новага года камуналка можа «падрасці» нават на 80 рублёў.

Аплачваць камунальныя паслугі па новых тарыфах насельніцтва пачне ў лютым 2017 года – за студзень.

Да канца 2018 года кошт камунальных паслуг для насельніцтва мае складаць 100 %.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў