ЖКГ страшыць даўжнікоў налепкамі: «Вы наступныя на высяленне»


У Слоніме працаўнікі камунальных службаў пачалі мацаваць побач з кватэрамі даўжнікоў налепкі, якія папярэджваюць пра магчымае высяленне.

Здымак налепкі з надпісам «Вы наступныя на высяленне» пры дзвярах кватэры даўжніка апублікавала выданне «Газета Слонімская».

Паводле справаздачаў Міжнароднаму валютнаму фонду ад уладаў Беларусі, беларусы кампенсуюць 58 % кошту камунальных плацяжоў ад верасня 2016 года. Хаця першапачаткова планавалася да канца года выйсці на 50 % кампенсацыі ад насельніцтва.

Пачынаючы з красавіка 2016 года рэзка пачала расці пратэрмінаваная запазычанасць насельніцтва за жыллёва-камунальныя паслугі, якая па стане на 1 ліпеня склала 111 мільярдаў недэмінаваных рублёў (гэта каля $ 5,5 млн).

Калі перакласці гэтую суму на жыроўкі ў тыпавых двухпакаёвых кватэрах, то атрымліваецца, што за камуналку не заплацілі больш за 440 тысяч семʼяў, падавала Tut.by.

Кожны пяты рубель запазычылі менчукі. На 1 ліпеня 2016 года яны мусілі заплаціць камунальнікам амаль 19,7 мільярды недэмінаваных рублёў (каля $ 985 тыс.).

З пачатку года да 1-га жніўня ў адным толькі Менску суды прынялі пастанову пра высяленне жыхароў за даўгі ЖКГ з 266 кватэр, а яшчэ 187 іскавых заяў знаходзяцца на разглядзе, падае Tut.by.

Як паведамлялі ўлады раней, плануецца павялічыць кампенсацыю камунальных паслугаў насельніцтвам да 75-ці % да канца 2017 года. Павышэнне тарыфаў чакаецца ўжо са студзеня, пры гэтым улады падкрэсліваюць што падаражэе жыроўка не больш як на $ 5 у эквіваленце. Паводле разлікаў кіраўніка праекту «Кошт ураду» Уладзіміра Кавалкіна, пасля Новага года камуналка можа «падрасці» нават на 80 рублёў.

Да канца 2018 года кошт камунальных паслуг для насельніцтва мае складаць 100 %.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў