Дарадца Трампа па нацбяспецы падаў у адстаўку праз кантакты з паслом Расеі


Адпаведнае рашэнне Майкл Флін прыняў позна ўвечары 13 лютага. Адстаўцы папярэднічала крытыка ў адрас Фліна за абмеркаванне праблемы санкцый з расейскім амбасадарам у Вашынгтоне Сяргеем Кісляком напрыканцы снежня.

Раней тэлеканал Fox News паведаміў, што Флін папрасіў прабачэння ў віцэ-прэзідэнта Майка Пенса за тое, што няправільна праінфармаваў адміністрацыю пра свае кантакты з Кісляком.

У сваёй заяве аб адстаўцы Флін прызнаў, што ў перыяд напапярэдні інаўгурацыі Трампа, ён «па неасцярожнасці падаў віцэ-прэзідэнту і іншым няпоўную інфармацыю адносна тэлефонных размоваў з паслом Расеі».

Пры гэтым саветнік прэзідэнта ЗША Келіан Конуэй заявіла ў інтэрвʼю тэлеканалу MSNBC, што Трамп давярае Фліну.

Раней амерыканскія СМІ паведамілі, што мінюст папярэдзіў Белы Дом пра кантакты Фліна з Кісляком. На думку Мінюста, Флін мог стаць мішэнню для шантажу з боку Расеі.

Новым дарадцам па нацыянальнай бяспецы стане Джозэф Кіт Келаг. Раней ён займаў пасаду кіраўніка апарата Савету па нацыянальнай бяспецы.

Фармальна ў ходзе кантактаў з Кісляком Флін быў яшчэ прыватнай асобай, і яго дзеянні можна трактаваць як парушэнне Акту Логана, які забараняе грамадзянам без адпаведных паўнамоцтваў у весці перамовы з афіцыйнымі прадстаўнікамі іншых дзяржаваў, якія маюць рознагалоссі са Злучанымі Штатамі.

ДР belsat.eu паводле bbc.co.uk

Стужка навінаў