Бельгія рыхтуецца да тэрактаў, Брытанія – да вайны

video

Бельгія шукае падазраванага ў парыжскіх тэрактах і ўслед за Францыяй уводзіць надзвычайны стан. Пра намер вайны з Ісламскай дзяржавай заяўляе Вялікая Брытанія.

Тэракты ў Парыжы паралізавалі Брусель

Улады Бельгіі працягваюць шукаць галоўнага падазраванага ў арганізацыі парыжскіх тэрактаў Саляха Абдэсляма. У Бруселі з суботы зачыненае метро, адмененыя масавыя імпрэзы, людзей просяць па магчымасці заставацца ўдома. Бельгійская паліцыя правяла дзевятнаццаць рэйдаў у межах антытэрарыстычнай аперацыі. Дайшло да некалькіх стрэлянінаў, шаснаццаць падазраваных затрыманыя, аднак Салях Абдэслям, адзіны вядомы ўдзельнік парыжскіх тэрактаў, што здолеў уцячы ад паліцыі, дагэтуль не знойдзены. Паводле звестак паліцыі, ён рухаецца ў бок Нямеччыны. Праваахоўнікі кажуць, што ён – не адзіная пагроза. Улады Бельгіі рыхтуюцца да новых тэрактаў.

Я магу падцвердзіць, што мы чакаем магчымага паўтору нападу, падобнага таму, што быў у Парыжы, калі шэраг асобаў можа нанесці адначасовы ўдар у некалькіх месцах. Мы ўжо ведаем патэнцыяльныя цэлі – гаворка вядзецца перадусім пра гандлёвыя цэнтры і грамадскі транспарт, – кажа бельгійскі прэм’ер-міністр Шарль Мішэль.

У мэтах бяспекі большасць буйных крамаў у сталіцы Бельгіі ўжо зачыніліся, не дзейнічае метро, абмежаваная хада наземнага транспарту. У Бруселі з суботы захоўваецца чацьвёрты ўзровень трывогі, найвышэйшы. У рэшце краіны – трэці (гэта азначае ўзмоцненую прысутнасць паліцыі на вуліцах і рэгулярныя праверкі дакументаў).

Брытанія збіраецца бамбіць ісламістаў

Тым часам пашыраецца міжнародная кааліцыя супраць Ісламскай дзяржавы: да аперацыяў Францыі, Расеі і ЗША неўзабаве далучыцца Вялікая Брытанія.

У пятніцу Арганізацыя Аб’яднаных Нацый адзінагалосна падтрымала дзеянні супраць Ісламскай Дзяржавы і ў хуткім часе я збіраюся выставіць на галасаванне ў парламенце нашую ўсебаковую стратэгію супраць ісламістаў. Я падтрымліваю дзеянні прэзідэнта Алянда ў Сірыі і ўпэўнены, што Вялікая Брытанія мае таксама нанесці ўдары па тэрарыстам, – заявіў брытанскі прэм’ер Дэйвід Кэмэран.

Кэмэран плануе направіць 178 мільярдаў еўра на абнаўленне і набыццё новай вайсковай тэхнікі. Ужо цяпер Лондан дазволіў Парыжу выкарыстоўваць брытанскую авіябазу на Кіпры, для ўдараў французскай авіяцыі. Прэзідэнт Францыі Франсуа Алянд заяўляе пра сур’ёзныя намеры сваёй краіны на Бліжнім Усходзе:

«Мы ўпэўненыя, што мусім працягваць наносіць удары па ісламістах у Сірыі і мы збіраемся ўзмацніць нашыя намаганні, каб удары былі як мага больш балючымі для тэрарыстаў. Неўзабаве ў рэгіён прыбудзе наш авіяносец, які ўдарыць па Ісламскай Дзяржаве і ўдарыць моцна».

Пасля сустрэчы з брытанскім лідарам, Франсуа Алянд мае заўтра сустрэцца з Баракам Оўбамам і на наступны дзень рушыць у Маскву. Алянд падкрэслівае, што пры існуючым узроўні тэрарыстычнае пагрозы, супярэчнасці паміж Крамлём і Захадам, прынамсі ў сірыйскай аперацыі, мусяць адыйсці на другі план.

Усевалад Шлыкаў, ДД, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары