Беларускі экзарцыст мяркуе, што праграма пра экстрасэнсаў на БТ прывядзе да атуплення гледача


Каталіцкі святар, экзарцыст Віцебскай дыяцэзіі, айцец Аляксандр Жарнасек, каментуючы krynica.info паведамленне аб тым, што на БТ рыхтуецца пілотны выпуск новай тэлепраграмы «Хачу ў тэлевізар. Экстрасэнсы», – аналага расейскай тэлеперадачы «Бітва экстрасэнсаў», – прапануе не драматызаваць з’яўленне на айчынных «блакітных экранах» чарговай «чартаўшчыны», але бычыць у яе з’яўленні небяспеку.

Нічога добрага, тлумачыць святар, у з’яўленні такой перадачы няма. Паводле яго, гэта чарговая праява нізкагатунковай мас-культуры, якая працуе на атупленне гледача. «Чалавеку, які жыве без Бога, неразборліваму ў каштоўнасцях, – усё роўна, што глядзець. Ён знойдзе такую перадачу на расейскім тэлебачанні, яшчэ нешта падобнае знойдзе. З’явілася беларуская – значыць, проста на адну больш стала. Але нейкага ўздзеяння на стан справаў у грамадстве гэтая перадача не акажа. Чалавек, які жыве з забітымі такой «культурай» мазгамі, у любым выпадку будзе шукаць у праграме менавіта такія перадачы».

Айцец Аляксандр упэўнены, што для вернікаў прагляд такіх праграмаў можа несці непрыемныя наступствы, – тлумачыць святар.

«Гэта не азначае, што вось чалавек паглядзеў такую перадачу, – і ўсё, жыццё ў яго змянілася, пачалася праблемы, – але праблемы сапраўды пачынаюцца, у двух словах гэтага не распавядзеш, гэта кожны раз індывідуальны выпадак», – дадае айцец Аляксандр, спасылаючыся на сваю экзарцысцкую практыку.

Раней экзарцыст адзначаў, што беларусы вельмі залежныя ад грахоў.

«Наша Беларусь не такая мірная і не такая сінявокая, як часам здаецца. Чорнай магіі ў Беларусі больш чым дзе, таму што наш народ асабліва залежым ад граху зайздрасці, эгаізму і нянавісці », – упэўнены Аляксандр Жарнасек.

Экзарцызм (грэч.: Ἐξορκισμός) – працэдура выгнання злых духаў і іншых звышнатуральных істотаў з апантанага імі чалавека з дапамогаю малітваў, абрадаў.

ЮВ, belsat.eu, паводле krynica.info

Стужка навінаў