Англійскі біскуп-гей прызнаў наяўнасць сталага партнёра. Кіраўніцтва ведала пра ягоную нетрадыцыйную сексуальную арыентацыю


Біскуп Англіканскай царквы з гораду Грантэм у англійскім графстве Лінкальншыр стаў першым у Брытаніі святаром такога высокага рангу, які публічна абвясціў, што ён гей і мае сталага партнёра.

Нікалас Чэмберлен, які атрымаў сан біскупа ў 2015 годзе, сказаў, што кіраўніцтва ведала пра яго нетрадыцыйную сексуальную арыентацыю.

Англіканская царква Брытаніі ў апошнія гады змякчыла палітыку ў дачыненні да аднаполых шлюбаў і зняла забарону на ўзвядзенне геяў у біскупскі сан. Праўда, застаецца ў сіле правіла, паводле якога біскупы (не шараговыя святары, паколькі ў англіканцаў, як у праваслаўнай царквы, адсутнічае цэлібат) могуць насіць сан толькі пры ўмове, што яны не бяруць шлюбы.

Чэмберлен сцвярджае, што не парушыў царкоўных прынцыпаў.

Раней спрэчкі паміж царкоўнымі лібераламі і традыцыяналістамі, якія лічаць, што Біблія адназначна не дапускае гомасексуалізму, паставілі Англіканскую царкву на мяжу расколу.

У Брытаніі жорсткую крытыку з боку англіканцаў выклікала ўзвядзенне ў 2003 годзе ў сан біскупа святара-гея Джэфры Джона. У выніку ён быў вымушаны адмовіцца ад сану.

У тым жа годзе ў ЗША вялікі скандал выклікала пасвячэнне ў біскупы Джына Робінсана – першага адкрытага гомасексуаліста сярод іерархаў амерыканскай Епіскапальнай царквы, якая ўваходзіць у сусветную Англіканскую супольнасць.

Пасля гэтага сотні прыходаў выйшлі са складу Епіскапальнай царквы і заснавалі новую Англіканскую царкву ў Паўночнай Амерыцы. У выніку Епіскапальная царква ЗША ўвяла мараторый на прызначэнне біскупамі гомасексуалістаў.

Фота: theguardian.com

ЮВ, belsat.eu, паводле bbc.com

Стужка навінаў