Беларус ва ўкраінскім войску: Праз месяц буду на фронце з заробкам $ 420


Malchanau

Аляксандр Малчанаў у «вучэбцы»

Добраахвотнік Аляксандр Малчанаў, які далучыўся да Узброеных сілаў Украіны, распавёў Belsat.eu, як яму служыцца.

Беларус Аляксандр Малчанаў, які ў свой час быў вязнем Плошчы-2010, ва Украіну прыехаў у 2014 годзе. Там ён далучыўся да аднаго з добраахвотніцкіх батальёнаў, які змагаўся з сепаратыстамі на ўсходзе краіны. Афіцыйна служыць ва ўкраінскім войску на той момант замежнікі не маглі: такая магчымасць з’явілася толькі сёлета ў пачатку чэрвеня, калі прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў адпаведны ўказ.

Belsat.eu: У «Facebook’у» вы напісалі, што цяпер ужо афіцыйна папоўнілі шэрагі ўкраінскага войска. Як вам служыцца?

Аляксандр Малчанаў: Ну пакуль я ў «вучэбцы». У прынцыпе, усё нармальна, пакуль асабліва чагосьці складанага няма. Месца «вучэбкі» называць не буду, думаю, пакуль не варта гэтага агучваць.

Belsat.eu: А на якіх умовах вы, беларус, служыце ва ўкраінскім войску?

Аляксандр Малчанаў: Зараз ёсць палажэнне, якое дазваляе замежнікам служыць у войску на пасадах шараговага складу, сяржанцкага ды старшынскага. Афіцэры ды прапаршчыкі пакуль не маюць права служыць, калі не маюць украінскага грамадзянства. Я шараговы.

Belsat.eu: Аляксандр, як вам аплачваюць службу – гэтак сама, як і ўкраінцам?

Аляксандр Малчанаў: Дакладна гэтак жа, як і ўкраінцам, на тых жа самых умовах.

Цяпер у «вучэбцы» атрымаю каля 6 тыс. грыўняў (каля $ 230) за месяц. Пасля заканчэння «вучэбкі» – каля 7 тыс. грыўняў (каля $ 270). Калі ж буду ў зоне баявых дзеянняў (я накіруюся туды недзе праз месяц), разам з даплатамі мае быць каля 11 тыс. грыўняў (каля $ 420).

Belsat.eu: Чаму вы ўсё ж вырашылі пайсці ва ўкраінскае войска? Не было іншых варыянтаў, каб легалізавацца ва Украіне, альбо адчуваеце, што вайсковая справа – для вас?

Аляксандр Малчанаў: Раней, у прынцыпе, вайсковая справа неяк асабліва мяне не вабіла. Але пасля добраахвотніцкіх батальёнаў маё меркаванне змянілася, цяпер вайсковая служба мне спадабалася.

Belsat.eu: Цікава, а якія ў вас планы на будучыню? У Беларусі вы па-ранейшаму лічыцеся «наймітам» і вам пагражае крымінальная адказнасць.

Аляксандр Малчанаў: Так, ужо даўно з гэтым змірыўся. Калі ехаў ва Украіну, ужо думаў пра гэта.

Апошні раз быў у Беларусі недзе год таму, пасля чаго мяне абвесцілі ў вышук. Цяпер я не магу вярнуцца.

Malchanau1

Belsat.eu: На мінулым тыдні стала вядома, што два беларускіх валанцёры – Рустэм Док і Зміцер Белагорцаў – папрасілі прытулак у Польшчы. Кажуць, што ва Украіне ім не даюць дакументаў. І нібыта ва ўкраінскіх адміністрацыях па справах замежнікаў пагражаюць дэпартацыяй у Беларусь.

Аляксандр Малчанаў: Я не чуў пра тое, што яны папрасілі прытулак. У мяне пакуль тут невялікі інфармацыйны вакуум, не заўсёды магу ўсе навіны прачытаць (размова адбылася 29 жніўня. – Belsat.eu). Дока я ў прынцыпе ведаю, перасякаўся з ім некалькі разоў. Другога чалавека не ведаю. Што датычыць дакументаў, то, шчыра кажучы, асаблівых праблемаў у мяне не ўзнікала. Але я думаю, што сапраўды ёсць пэўная праблема з легалізацыяй.

Напрыклад, у мяне цяпер ужо ёсць вайсковы білет, ён мне замяняе ўсе іншыя дакументы. Падчас службы ў войску я магу з гэтым білетам цалкам легальна знаходзіцца ва Украіне. А пасля трох гадоў службы я магу падаваць заяўку на атрыманне грамадзянства.

Вядома, паглядзім, што будзе праз тры гады. Але, як бачыце, пакуль праблемаў у мяне няма. У мяне ёсць часовы від на жыхарства, хутка ён заканчваецца, але ён для мяне не абавязковы. Нават не ведаю, ці буду яго працягваць: зараз я вельмі абмежаваны ў часе. Усё ж служба ёсць служба. Не заўсёды магу распараджацца сваім часам, як хацеў бы.

Belsat.eu: У той жа час украінскі народны дэпутат Ігар Гузь кажа, што ёсць дамоўленасць выдаваць віды на жыхарства замежнікам, якія змагаліся за Украіну на Данбасе. А заяўка на прытулак Дока і Змітра Белагорцава, на думку дэпутата, можа быць звязаная з тым, што яны «не да канца хацелі быць ва Украіне».

Аляксандр Малчанаў: Я не ведаю пра такую дамоўленасць, я атрымліваў від на жыхарства крыху па іншай схеме. Але праблемаў у мяне не было.

Malchanau2

Belsat.eu: А што ўвогуле думаеце пра спробу атрымаць палітычны прытулак у Польшчы?

Аляксандр Малчанаў: Справа кожнага чалавека, як паступаць. Да прыкладу, мяне мая сітуацыя пакуль задавальняе.

Канечне, грамадзянства хацелася б ужо цяпер, але і сённяшні статус задавальняе. Галоўнае, каб ён не змяняўся ў нейкі горшы бок.

У бліжэйшы час я планую заставацца ва Украіне, калі тут не ўзнікне нейкіх праблемаў. Пакуль усё нармальна.

Паводле інфармацыі Belsat.eu, выпадак Аляксандра Малчанава – не адзіны. Іншыя беларускія добраахвотнікі таксама далучыліся да ўкраінскага войска, каб легалізавацца ва Украіне.

Гутарыў Зміцер Кустоўкі, belsat.eu, фотаздымкі са старонкі ў «Facebook’у» Аляксандра Малчанава

Глядзі таксама
Каментары