Беларусь пазычыць грошы, каб аддаць даўгі


Міністэрства фінансаў заяўляе, што ў 2015 годзе Беларусь пачне аддаваць вонкавыя пазыкі – гэта адзін з прыярытэтаў у бюджэце-2015. Але значную частку грошай прыйдзе на гэта ізноў пазычыць. Пакуль невядома – пад які адсотак і на якіх умовах.

У праекце бюджэту на наступны год закладзена, што Беларусь скіруе $ 4 млрд. на выплату вонкавага доўга. З гэтай сумы $ 1 млрд. – гэта адсоткі. «Дзеля пагашэння будуць прыцягнутыя нязвязаныя вонкавыя крэдытныя рэсурсы, у тым ліку міждзяржаўныя крэдыты на суму каля $ 1 млрд.», – паведаміў першы намеснік міністра фінансаў Уладзімір Амарын.

Яшчэ $ 1,5 млрд. дзяржава спадзяецца выплаціць з паступленняў ад экспартных мытаў на нафтапрадукты, а таксама $ 582 млн з прыбыткаў ад продажу нафты. Дзе Мінфін збіраецца ўзяць яшчэ $ 1 млрд., пакуль невядома.

Доўг расце ці змяншаецца?

Планы скіраваць на пазыкі $ 4 млрд. на першы погляд выглядаюць амбітнымі. Аднак толькі за першае паўгоддзе 2014 Беларусь заплаціла па вонкавых пазыках параўнальную суму – каля $ 2 млрд. Што, у сваю чаргу, таксама не з’яўляецца дасягненнем: за гэтыя ж 6 месяцаў дзяржава пазычыла… амаль $ 3 млрд.

 У каго пазычала Беларусь у першым паўгоддзі 2014 ($ млн) | Create Infographics

Агулам першае паўгоддзе прынесла Беларусі толькі новыя пазыкі – вонкавы дзяржаўны доўг паводле звестак на 1 жніўня 2014 г. павялічыўся больш як на $ 700 млн.

У сярэднім дзяржаўны доўг з разліку на кожнага беларуса доўг вырас на $ 74 і склаў $ 1320. Паводле звестак на 1 жніўня вонкавы доўг Беларусі складаў $ 13,2 млрд.

 

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў