БДУ забараніў спектакль пра Браніслава Тарашкевіча

video

Упраўленне па справах культуры БДУ забараніла спектакль студэнцкага тэатру «На балконе» пра Браніслава Тарашкевіча. Творчы калектыў шукае для паказу новую сцэну.

Прэм’ера спектаклю «Браніслаў. Сцэны з жыцця ды сноў» прайшла ў студэнцкім тэатры БДУ 14 лістапада, другі раз спектакль паказалі 16 лістапада. Наступныя паказы былі запланаваныя на 18, 20 і 23 лістапада, але ўпраўленне культуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту іх адмяніла.

«Для нас гэта вельмі важная праца, вельмі сакральная і для мяне, і для маіх актораў, я ведаю. Шкада, што лёс спектаклю атрымаўся такім. Але спектакль пра Браніслава, і таму ён вытрымае ўсе правакацыі і выпрабаванні. Нам не назвалі канкрэтную прычыну забароны спектаклю. Дакладна магу сказаць, што ў пастаноўцы мы нікога ня крыўдзім і не абражаем», – тлумачыць рэжысёр пастаноўкі Эльдар Бякіраў.

Цяпер творчы калектыў шукае новую сцэну, каб паказаць спектакль.

«Арт-Сядзіба» заклікае праявіць салідарнасць з творчай групай, дапамагаючы прыцягнуць увагу да забароненага спектаклю.

«Я аддаў тэатру «На балконе» больш за 6 гадоў, удзельнічаў у шматлікіх спектаклях і дапамагаў у арганізацыі фэсту «Тэатральны куфар». А цяпер мяне адтуль проста выганяюць як непатрэбны і адпрацаваны матэр’ял», – кажа Аляксей Сапрыкін, які ў спектаклі грае Браніслава Тарашкевіча.

Браніслаў Тарашкевіч (1892 – 1938) – беларускі грамадска-палітычны дзеяч, мовазнаўца, пісьменнік-перакладчык. У 1918 годзе падрыхтаваў і выдаў у Вільні першую «Беларускую граматыку для школ». Праца лічыцца першай нармалізацыяй беларускага класічнага правапісу.

Прапануем вашай увазе фільм «Белсату» пра Браніслава Тарашкевіча з цыклу «Гісторыя пад знакам Пагоні».

НМ, belsat.eu, паводле Artsiadziba.by

Глядзі таксама
Каментары