Бацька Уладзіміра Кондруся: «Сын напалову труп, яму неабходная тэрміновая дапамога»


kondrus11

Уладзімір Кондрусь

Бацькі новага фігуранта справы за Плошчу-2010 Уладзіміра Кондруся ўпершыню за два месяцы арышту наведалі сына ў менскім СІЗА-1.

Стан здароўя 39-гадовага Уладзімір Кондруся, які цяпер знаходзіцца ў санчастцы «Валадаркі», ягоныя бацькі ацэньваюць як крытычны. Мужчына вытрымаў толькі пяць хвілінаў першага дазволенага спаткання з бацькамі. Пра гэта праваабарончаму цэнтру «Вясна» распавёў ягоны бацька Уладзімір Расціслававіч.

«Мы ў шоку. Сын – напалову труп. У пакой для перамоваў яго вынеслі на насілках. Яго хапіла на пяць хвілінаў гутаркі. Ён знясілены. Казаў ён вельмі невыразна. Глядзіш на яго з боку – здаецца, што ён як у тумане, дрэнна разумее. Вочы паўпустыя», – распавёў ён са страхам у голасе.

Раней паведамлялася, што ў СІЗА Уладзімір Кондрусь трымаў доўгатэрміновую галадоўку на знак пратэсту супраць свайго зняволення, што і стала прычынай рэзкага пагаршэння ягонага стану здароўя. Паводле бацькі, сёння, нягледзячы на сваю цвёрдую пазіцыю, Уладзімір Кондрусь папрасіў пра дапамогу.

«Сын папрасіў нас дамагчыся, каб яму зрабілі зонд. Справа ў тым, што ў яго язва і з гэтай прычыны яго не ўзялі ў войска. Зараз ён харкае крывёю. Відавочна, язва абвастрылася. А ў санчастцы ніякай дапамогі яму не аказваюць, так і кажуць: «Мы такой дапамогі не аказваем». Ён просіць абязбольвальнае – не даюць. Страшна гаварыць пра ўсё гэта. Маці сёння ў СІЗА слёзна прасіла перавесці яго ў нармальны шпіталь. Нашаму сыну неабходная тэрміновая дапамога», – працягнуў Уладзімір Расціслававіч.

Жыхар пасёлку Рудзенск Уладзімір Кондрусь быў узяты пад варту 14 чэрвеня ў межах папярэдняга расследавання за ягоны меркаваны ўдзел у масавых беспарадках каля Дому ўраду падчас выбараў прэзідэнта ў 2010 годзе. Ён абвінавачваецца паводле артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу («Масавыя беспарадкі»), паводле якога ў 2011 годзе былі асуджаныя 49 асобаў. Шмат асуджаных тады атрымалі пазбаўленне волі на розныя тэрміны. На час следства Уладзімір Кондрусь утрымліваецца ў СІЗА №1 г. Менску.

НМ, belsat.eu, паводле ПЦ «Вясна»

Глядзі таксама
Каментары