Бацька праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі: паплечнікі сына здрадзілі яму


Валерый Бандарэнка абвінавачвае былога палітвязня Мікіту Ліхавіда і Алену Красоўскую-Каспяровіч з «Платформы» у тым, што яны падманам аформілі і прадалі машыну праваабаронцы, але ні капейкі грошай сям’і Бандарэнкі не перадалі. У Мікіты Ліхавіда іншы пункт гледжання на справу.

«Гнюсная здрада»

Пра скандальныя заявы былой падначаленай, якая сцвярджае, што ў турмах Беларусі ўсё зусім не дрэнна, «амаль, як у арміі», Андрэй даведаўся ад свайго бацькі – Валерыя Бандарэнкі, калі пазваніў яму з калоніі. Вось што распавёў нам Валерый Бандарэнка:

– Уся гэтая справа – хлусня ад самага пачатку. Наколькі я ведаю са слоў Андрэя, ён некалькі разоў спрабаваў звольніць Алену Красоўскую-Каспяровіч, і было за што. Але, паводле яго слоў, яна са слязамі прасілася, і ён адступаў. Калі я зараз прыгадваю ўсе тыя падзеі, то яны выбудоўваюцца ў адзіную схему.

Пазванілі мне Ліхавід і Красоўская ў гадзіну ночы і пытаюцца: «Дзе вы?» Потым прыехалі ў тры гадзіны ночы, сказалі, што з Андрэем здарылася страшная гісторыя, але каб мы самі нічога не рабілі. Сказалі, што ім патрэбна машына Андрэя. Ну, я і даў. Без усялякай задняй думкі – гэта ж для справы. Машына была аформлена на жонку Андрэя. Ёй яны сказалі, што машына насамрэч належыць «Платформе», тая паверыла, аформіла дароўную на Ліхавіда. І гэта ўсё ў першыя ж дні пасля арышту сына адбывалася, не было большага клопату і большых праблем….

Адваката яму далі не таго, якога ён чакаў, а ягонаму адвакату сказалі, што Андрэй нібыта сам ад яго паслуг адмовіўся. Потым колькі разоў я да іх ні звяртаўся, яны нават не хацелі размаўляць са мной. Алена Красоўская ўвогуле на званкі не адказвала. Цяпер Алена кажа, што плаціла за адваката і за перадачы. Дык няхай тады пакажа чэкі і квітанцыі.

Навошта ж так хлусіць? Я магу вам паказаць усе паперы. Асабіста я на абарону сына патраціў больш за 40 мільёнаў.
На першым жа спатканні Андрэй сказаў мне, каб забраў у Мікіты Ліхавіда машыну. Патлумачыў, што прадаў свайго «ікса», даплаціў і набыў новае аўто, так што аўтамабіль ягоны асабісты. Я – да іх. А яны кажуць, што няма ўжо машыны, прадалі.

Як гэта?! Падманам аформілі на сябе, прадалі і нават ні капейкі грошай сям’і Андрэя не перадалі… Як гэта разумець?
Калі абвясцілі прысуд Андрэю, то суддзя адразу дазволіла мне кароткае спатканне з ім. Сын сказаў, што не можа зразумець, як яго маглі так падставіць. Што гэта гнюсная здрада. Ён жа нічога кепскага ім не зрабіў.
Тады сын сказаў, каб я спыніў з імі ўсе кантакты. У яго на іх конт нават ілюзій не засталося.

Я выйшаў на вуліцу, там мяне чакаў Аляксандр Дабравольскі, сябра Андрэя. Пры ім гэтай «кампаніі» я перадаў словы Андрэя, выказаў усё ў вочы. Красоўская адразу пачала гарлапаніць на ўсю вуліцу, і раптам на лавах побач узніклі нейкія незразумелыя людзі ў цывільным. Адкуль толькі ўзяліся?! Тады Аляксандр Дабравольскі хуценька пацягнуў мяне да прыпынку, сказаўшы толькі, што гэта відавочная правакацыя. Магчыма, разлічвалі на маю рэакцыю, на тое, што я таксама ў бойку кінуся, каб потым маглі сказаць: «Што сын, што бацька…»

Так што самі рабіце высновы. Але я лічу, што невыпадкова ўсё гэта, усё было спланавана: і пасадка сына, і тое, хто зойме ягонае месца, чым будзе займацца, што гаварыць.

«Які маральны бок?»

Імя Мікіты Ліхавіда стала вядома пасля Плошчы-2010. Тады малады хлопец упершыню ўдзельнічаў у вулічнай акцыі. Яго пакаралі зняволеннем за тое, што ён біў шкло на дзвярах Дома ўрада. Мікіта на сабе адчуў тады, што такое СІЗА і калонія, ён і галадаў у знак пратэсту супраць зняважлівага абыходжання, і бунтаваў…

– Як так атрымалася, што аформілі машыну на вас, потым яе прадалі, а грошы сям’я Андрэя так і не атрымала?

– Машыну Андрэй Бандарэнка набыў за грошы, якія належалі «Платформе». Гэта нашы агульныя грошы. Ён не зарабіў на гэтую машыну. Яна была папросту аформлена на ягоную жонку. Вось мы і вярнулі аўтамабіль сабе. З якой нагоды мы будзем даваць нейкія грошы яго сям’і, калі гэта не яго машына? Пры чым тут яго сям’я?

– Ну, праваабаронцы ды і ўвогуле калегі звычайна дапамагаюць сваім, калі з імі такая бяда здараецца.

– Спачатку і мы яму дапамагалі. Плацілі адвакату, перадачы рабілі. Ну а калі потым ён сказаў, што мы яго «кінулі», то мы і «забілі» на гэта.

– Бацька Андрэя кажа, што можа прадявіць чэкі, і называе буйную суму. Дык хто ж плаціў?

– Ды яму лячыцца трэба! Ён сам не ведае, што гаворыць. Дарэчы, Андрэй яго жыў у крэдытнай кватэры. Плаціў крэдыт і грошы браў з «Платформы». Няхай бацька верне грошы за кватэру, тады я аддам яму грошы за машыну.

– Можаце назваць суму, колькі вы патрацілі грошай, хаця б прыблізна?

– Так адразу не магу сказаць. Не памятаю.

– Не магу не спытаць пра пазіцыю «Платформы» наконт паляпшэння сітуацыі ў беларускіх месцах зняволення. Шмат каго здзівіла, што вы, былы палітвязень, пагаджаецеся з высновамі нібыта там цяпер усё добра, рамонты зроблены.

– У нашы калоніі тэатры прыязджаюць, музычныя групы там у іх ёсць. А ёсць такія калоніі, што і не разумееш, як такое можа быць у XXI стагоддзі. Напрыклад, у Горках жудасны будынак. Нібы ў 1937 год трапляеш. Яго трэба проста знесці і пабудаваць новы. А ёсць такія калоніі, калі і не верыцца, што такое можа быць у нашай краіне. У Ваўкавыску, напрыклад. Там вельмі добра.

– Гэта пра будынкі. А як наконт маральнага боку?

– Які маральны бок? Там сядзяць злачынцы. А што з імі рабіць? Калі мне нехта адкажа на пытанне «Што рабіць са злачынцамі?», тады і пагаворым.

Тут і ўзгадваюцца словы жонкі Мікалая Дзядка Валерыі Хоцінай: «Асаблівай увагі заслугоўвае выказванне, што некаторыя турмы трэба знесці і… «на іх месцы пабудаваць новыя»! Вось чаго нам не хапае – больш турмаў з еўрарамонтам! Яны не хочуць зразумець, куды патрапілі, гэта не санаторый. Прыкладна такімі ж словамі выяўлялася пракурор на апошнім працэсе майго мужа. А Алёне не прыходзіла ў галаву, што могуць быць людзі, якія не лічаць, што сядзець у робе ў 30-градусную спякоту ў камеры – нармальна, што працаваць звышурочна за капейкі – нармальна? Што гадамі хварэць хранічнымі хваробамі без абследавання – нармальна? Каму, як не праваабаронцу не ведаць, што да чалавека і ў турме павінны ставіцца як да чалавека?..»

На жаль, сам Андрэй Бандарэнка сёння не можа нічога распавесці пра гэтую сітуацыю. Дарэчы, 19 чэрвеня ў Вярхоўным судзе адбудзецца разгляд касацыйнай скаргі па яго справе. Застаецца толькі спадзявацца, што ён выйдзе на волю хутчэй адведзенага тэрміну.

Сітуацыя прымусіла яшчэ раз больш уважліва вывучыць справу Андрэя Бандарэнкі, пасля арышту якога ўсё і перамянілася.

Нагадаем: летась 12 жніўня былы дырэктар прыватнага інфармацыйна-асветніцкай установы «Платформа інавэйшн» Андрэй Бандарэнка быў пакараны чатырма гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Праўда, суд Кастрычніцкага раёну Менску ўжыў амністыю і скараціў тэрмін да трох гадоў. Бандарэнку абвінавацілі ў хуліганстве, злосным хуліганстве і асоба злосным хуліганстве.

Абвінавачанне было прадяўлена па трох эпізодах. Першы адбыўся ў лютым каля кафэ «Старажытная легенда» на вуліцы Чкалава. Паводле версіі следства, Бандарэнка ўдарыў у твар чалавека, які папрасіў у яго закурыць. Сам Бандарэнка казаў, што той яго абразіў, а ён, спрабуючы сысці і пазбегнуць канфлікту, толькі адштурхнуў хлопца. Абвінавачанню, праўда, дапамаглі паказанні жанчыны, згодна з якімі Андрэй нібыта вярнуў хлопца і ўдарыў яго. Імя гэтай жанчыны не называлася, у судовай зале яна не паказвалася, яе засакрэцілі.

Другі эпізод адбыўся ў сакавіку ў пад’ездзе дома Бандарэнкі падчас канфлікту з суседкай. Яна казала на следстве, што Бандарэнка ўдарыў яе звязкам ключоў. А ён сцвярджаў, што мог нанесці пашкоджанні замком курткі, спрабуючы вызваліцца, калі тая схапіла яго зубамі за палец. Экспертыза, дарэчы, не выявіла генетычных слядоў пацярпелай на звязку ключоў, а вось прызначыць экспертызу курткі суд адмовіўся.

Трэці эпізод адбыўся ў той жа дзень уначы ў Кастрычніцкім РУУС сталіцы, куды канфліктуючыя бакі былі дастаўлены для разбіральніцтва. Бандарэнка сядзеў на лавачцы і драмаў, суседка пачала яго фатаграфаваць. Андрэй выбіў з яе рук тэлефон, а потым у твар атрымала маці суседкі, якая нахілілася над ім. І ўсё гэта – пад запіс відэакамер назірання.
Ва ўсіх выпадках цялесныя пашкоджанні, нанесеныя пацярпелым, былі кваліфікаваны як лёгкія, якія не пацягнулі нават кароткачасовага расстройства здароўя. Следства зазначыла, што ва ўсіх трох эпізодах Бандарэнка быў нападпітку.

Натуральна, гэта не магло не адбіцца негатыўна на стаўленні да гэтай справы з боку грамадскасці. Тым больш што і былыя калегі тое, што адбылося з Бандарэнкам, тлумачылі намёкамі і туманна. У тым ліку – былы палітвязень Мікіта Ліхавід, які таксама працуе ў арганізацыі. Хаця адначасова нельга не бачыць, што крымінальная справа Бандарэнкі высмактана з пальца. Бо калі б за падобныя парушэнні садзілі ў турмы, то мы толькі на турмы і працавалі б.

Любоў Лунёва для belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары