Бабакова: Еўразвяз не ведае, што прапанаваць Беларусі


Чаму Еўразвязу лёгка з Украінай і цяжка з Беларуссю, «Белсат» гутарыць з украінскай журналісткай Аленай Бабаковай.

Эканамічны форум у Крыніцы не пацвердзіў таго, што цяпер нібыта адбываецца ў палітычнай прасторы паміж Польшчай і Беларуссю – адлігі ў супольных дачыненнях. Беларусы ў Крыніцы былі прадстаўленыя фармальна: намеснікам міністра эканомікі, прадстаўнікамі свабодных эканамічных зонаў і дробнага бізнесу. Журналіст Анджэй Пачобут адзначыў, што ў 2008-м у Крыніцу прыязджаў віцэ-прэмʼер ды ўсе найважнейшыя дзяржаўныя канцэрны, шэраг дробных чыноўнікаў. Чаму Беларусь праляцела міма сёлетняга спаткання?

Беларуская тэматыка, сапраўды, на сёлетняй канферэнцыі прадстаўленая амаль не была. Калі тэматычных панэляў, прысвечаных у той або іншай ступені Украіне, Расеі, а таксама Малдове, Грузіі ды Азербайджану, было шмат, то адмысловай «беларускай» дыскусіі ў праграме я не заўважыла. Калі Украіну прадстаўляў кіраўнік ураду, віцэ-прэм’ер і шэраг парламентарыяў, ніякіх важных гасцей з Беларусі не прыехала.

Тэма Беларусі гучала толькі ў двух месцах – падчас размоваў, прысвечаных Усходняму партнёрству, і на канферэнцыі па праблемах польскай дыяспары.

На сёлетнім форуме ў Крыніцы прагучала заява, што прыспеў час абнавіць змест і форму УП, а таксама задумацца над сэнсам трымаць усе шэсць краінаў унутры гэтай праграмы.

Пра Беларусь казалі адначасова з Арменіяй: калі Украіна, Грузія і Малдова ўжо падпісалі пагадненні аб асацыяцыі (Азербайджан пакуль знаходзіцца ў пераходным перыядзе), то Менск і Ерэван заяўляюць пра жаданне застацца ў ЕўрАзЭс. Еўразвяз цяпер на ростанях: што яму прапанаваць гэтым двум чальцам?

Упершыню на форуме ў Крыніцы адбылася канферэнцыя па пытаннях польскай дыяспары. Там якраз уздымалі праблемы палякаў на Беларусі. З дыскусіі я зразумела, што польская меншасць у Беларусі пераймаецца з тае прычыны, што маладыя людзі польскага паходжання едуць на вучобу ў Польшчу (дзяржава фінансуе гэтую вучобу), і там застаюцца – яны не вяртаюцца дамоў і не займаюцца праблемамі мясцовай супольнасці.

Але сама Польшча павінная быць задаволеная тым, што гэтыя маладыя адукаваныя людзі застаюцца на яе тэрыторыі.

Гэта кій аб двух канцах. З аднаго боку, так – Польшча ў пэўным сэнсе глядзіць на сітуацыю як на кампенсацыю гістарычных крыўдаў – сюды вяртаюцца тыя, хто нарадзіўся на землях, якія раней належалі Польшчы. Гэтыя людзі таксама дапамагаюць Польшчы вырашаць дэмаграфічныя праблемы.

З іншага боку, палякі, якія жывуць у Беларусі і Украіне, заўсёды былі своеасаблівымі амбасадарамі Польшчы і складалі важную частку ў стасунках з гэтымі краінамі. Калі палякаў у Беларусі і Украіне будзе менш – меншай будзе сіла ўплыву Польшчы ў краінах-суседках.

Міхал Дворчык, старшыня Парламенцкай камісіі па пытаннях сувязі з палякамі за мяжой заявіў, што палякаў у Беларусі і ўва Украіне будзе ўсё менш, таму Польшча павінная рыхтавацца да таго, каб дбаць не пра палякаў, а пра польскую спадчыну ў гэтых краінах.

Міністр замежных справаў Польшчы Вітольд Вашчыкоўскі нядаўна наведаў Беларусь, да службовай паездкі ў Менск рыхтуецца міністр развіцця Матэвуш Маравецкі, але на такім важным спатканні як крыніцкае, нашае краіны няма. Што гэта азначае?

Каму даслалі запрашэнні і ці былі гэтыя запрашэнні прынятыя, ведаюць толькі арганізатары. Я б хацела падкрэсліць, што не чула, каб падчас форуму абмяркоўвалі двухбаковыя дачыненні Беларусі і Польшчы, або пазіцыю Польшчы па сёлетніх выбарах у Беларусі. Гэтага не было. (Зрэшты, як не было дыскусіяў, прысвечаных двухбаковым дачыненням Польшчы і Украіны: у Крыніцы ўсё ж такі абмяркоўваюць больш шырокія міжнародныя кантэксты.)

Чаму тут няма Беларусі? Прычыны можа быць дзве.

Па-першае, Беларусь сама не вельмі стараецца і не стварае інфармацыйнай нагоды для таго, каб з’явіцца на павестцы дня. Форум у Крыніцы – імпрэза не толькі для палітыкаў, але і для буйнога бізнесу. Калі б беларускі бізнес хацеў б узяць у ім удзел, то і беларускай тэматыкі было б больш.

Па-другое, крызіс Усходняга партнёрства. Калі з Украінай, Малдовай і Грузіяй усё больш-менш зразумела – яны заяўляюць пра сваё жаданне далейшай інтэграцыі з Еўропай – то з Беларуссю адсутнічае бачанне новага фармату супрацы пасля ўсведамлення таго, што Беларусь застаецца ў Мытным звязе і ЕўрАзЭс. Стары фармат не дзейнічае, новага – няма. Калі ён з’явіцца – з’явяцца і дыскусіі наконт таго, што з Беларуссю рабіць.

Польскі бізнес цісне на ўладу

Матэуш Маравецкі заявіў у Крыніцы, што для падтрымання тэмпаў развіцця польскай эканомікі, краіна павінная больш актыўна прыцягваць на рынак працаўнікоў з Беларусі, Украіны і В’етнаму. Умовы для атрымання працы ў Польшчы для беларусаў і ўкраінцаў непараўнальна лягчэйшыя, чымся ў Нямеччыне або Чэхіі. Што яшчэ можа зрабіць польская дзяржава для нашых суайчыннікаў?

Маравецкі зрабіў гэтую заяву на панэлі, праведзенай паводле ініцыятывы Польскага звязу працадаўцаў. Працадаўцы кажуць ураду, што патрабуюць працаўнікоў з Украіны, і просяць дапамогі ў вырашэнні праблемаў з афармленнем віду на жыхарства, дазволамі на працу і дзяржаўнай апекі для замежных працаўнікоў.

Мова вялася наагул пра працоўных мігрантаў, але збольшага, вядома, пра ўкраінцаў, якія складаюць асноўную частку гэтай групы на сёння.

Маравецкі сказаў, што неўзабаве чакаюцца кансультацыі з міністэрствам працы і грамадскай палітыкі, міністэрствам развіцця і іншымі ўстановамі, якія б маглі аблегчыць працэс прыплыву працаўнікоў з-за мяжы ў Польшчу.

Спатканне польскага бізнесу з польскай уладай

Што такое наагул – гэты эканамічны форум у Крыніцы, і наколькі ён важны для нас?

Форум у Крыніцы – важная імпрэза з двух пунктаў гледжання. Па-першае, гэта адзінае месца на тэрыторыі Польшчы, куды пастаянна прыязджаюць прадстаўнікі ўладаў Украіны і іншых дзяржаваў Усходняй Еўропы, дзе яны могуць сустрэцца з прадстаўнікамі польскага ўраду. Гэта чарговая нагода для двух- або шматбаковых спатканняў – такіх, як напрыклад сёлетняе паміж Вышэградскай чацвёркай і Украінай.

Па-другое, гэта важнае бізнес-спатканне найбуйнейшых польскіх канцэрнаў і дзяржаўных акцыянерных таварыстваў, дзе абмяркоўваюць пытанні развіцця прамысловасці і прадпрымальніцтва не толькі ў Польшчы, але ўва ўсёй цэнтральнай Еўропе. Калі хто-небудзь з усходнееўрапейскіх дзяржаваў – Украіны, Беларусі, Малдовы Грузіі або Расеі – зацікаўлены ў інвестыцыях на тэрыторыі цэнтральнай Еўропы, або наадварот – хацеў б прыцягнуць інвестыцыі з гэтых краінаў, – тут варта быць, каб разумець галоўныя тэндэнцыі, праблемы і выклікі рэгіёну.

Размаўляў Дзяніс Дзюба

Глядзі таксама
Каментары