Вітальд Вашчыкоўскі ў Беларусі: «Я – тутэйшы»


Вітальд Вашчыкоўскі абвяшчае курс на дыялог і без якіх-кольвек папярэдніх умоваў. А працяглую замарозку адносінаў паміж нашымі краінамі лічыць ненармальнаю. Хаця Вашчыкоўскі гаварыў і пра справы, на якія Польшча заплюшчваць вочы не можа і не будзе.

Аляксандр Лукашэнка ў прыпаднятым настроі, прыгожыя словы для высокага госця і шмат надзеі – у такой атмасферы прайшла першая сустрэча міністра замежных справаў Польшчы Вітальда Вашчыкоўскага з кіраўніком Беларусі.

Вітальд Вашчыкоўскі падкрэслівае, што прыехаў адкрыты для пашырэння супрацы ў розных галінах і без усялякіх папярэдніх умоваў афіцыйнаму Менску. Аднак Польшча не заплюшчыць вачэй на балючыя пытанні. Пра гэта кіраўнік польскай дыпламатыі заявіў напярэдадні, падчас спаткання з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі ды грамадзянскай супольнасці.

«Мы застаемся чуйныя да кожнага выпадку крыўды людзей, да парушэння правоў чалавека. І ўсюды, дзе гэта будзе адбывацца, мы будзем дапамагаць пакрыўджаным», – зазначыў Вітальд Вашчыкоўскі.

Шэф польскай дыпламатыі паабяцаў, што Варшава не спыніць свайго падтрымання стыпендыяльных праграмаў для рэпрэсаваных беларусаў, а таксама фінансавання беларускіх медыяў, якія зарэгістраваныя ў Польшчы ды працуюць фактычна на выгнанні.

«Як будзе выглядаць будучыня Беларусі, залежыць ад самога беларускага народу, ад самога грамадства», – упэўнены кіраўнік Вітальд Вашчыкоўскі.

Пасля Менску міністр замежных справаў Польшчы скіраваўся на Гарадзеншчыну, дзе сустрэўся з прадстаўнікамі польскай меншасці, усклаў вянок да помніку Элізе Ажэшцы ды наведаў Ваўкавыск, мясціны, адкуль паходзіць маці міністра.

«Можна сказаць што я тутэйшы», – нечакана прызнаўся кіраўнік польскага МЗС.

Паводле Вітальда Вашчыкоўскага, рана казаць пра вынікі візіту, бо сваім прыездам ён толькі распачаў доўгатэрміновы дыялог. Адзін з наступных крокаў – візіт віцэ-прэм’ера Польшчы ў эканамічным развіцці Матэўша Маравецкага, ужо ў бліжэйшыя месяцы.

Юрый Салодкі, «Белсат»

Стужка навінаў