Арменія лічыць, што Беларусь паступае «нелагічна», прадаючы зброю Азербайджану


Намеснік міністра замежных справаў Арменіі заявіў, што рашэнне беларускага боку аб продажы рэактыўных сістэмаў залпавага агню «Паланэз» Азербайджану будзе ўзнятае «ў адпаведным парадку».

«Шкадуем, што Беларусь, з’яўляючыся сяброўскай нам краінай, уцягнутая з намі ў шматбаковыя фарматы супрацы, маючы саюзніцкія абавязкі, прадае ўзбраенне краіне, якая мае з намі канфлікт», – цытуе намесніка міністра замежных справаў Арменіі Рубэна Рубіняна «Інтэрфакс».

«Гэтае пытанне будзе ўзнятае ў адпаведным парадку. Гэта не вельмі лагічна, улічваючы дружалюбныя і саюзніцкія адносіны Арменіі і Беларусі », – заявіў Рубінян.

Раней дырэктар Інстытут Каўказу Аляксандр Іскандар’ян заяўляў «Белсату», што іншыя краіны АДКБ робяць тое самае.

«Любы саюз у свеце – не толькі прастора для сяброўства і любові, а яшчэ і прастора для супярэчнасцяў. Беларусь – гэта краіна, якая мае свае інтарэсы. І гэтыя інтарэсы не заўсёды супадаюць з інтарэсамі саюзнікаў», – казаў Інскандар’ян.

Паводле эксперта, у беларускай палітыцы «некаторую вартасць маюць трансакцыянісцкія каштоўнасці» – то бок, выгада Беларусі.

«Літаральна – гэта выгадна фінансава, і палітычна таксама. І гэта нармальны працэс, калі казаць на экспертным узроўні», – дадаў адмысловец.

11 чэрвеня з прынятымі на ўзбраенне азербайджанскай арміі комплексамі «Паланэз» пазнаёміўся азербайджанскі прэзідэнт Ільхам Аліеў.

Ракетныя сістэмы «Паланэз» – вынік вайскова-тэхнічнай супрацы Беларусі з Кітаем. Ўстаноўка з васьмю ракетамі грунтуецца на шасі вытворчасці Менскага заводу колавых цягачоў. Ракеты – індывідуальнага навядзення, з далёкасцю палёту да 200 км і дакладнасцю трапляння да 1,7 м. Магутнасць баявой часткі ў тратылавым эквіваленце – 50 кг.

ДД

Глядзі таксама
Каментары