Алесь Дудар: згублены пераклад «Анегіна». Стрым як у прэм’ерным 1936-ым


29 кастрычніка а 16:40 у Галерэі TUT.BY прагучыць пераклад, які лічыўся згубленым 80 гадоў. Алесь Дудар першым у гісторыі пераклаў «Анегіна» на беларускую, але вядомыя былі толькі некалькі ўрыўкаў.

У гадавіну «Чорнай ночы» твор будзе прачытаны ў жывым эфіры, як у прэм’ерным 1936-ым, калі трансляцыя ішла на ўвесь Менск праз рэпрадуктары. Гэтым разам – онлайн на ўвесь свет.

Першую главу прадэкламуе народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка.


Гістарычная даведка

Тры чвэрці беларускіх пісьменнікаў і паэтаў было рэпрэсавана ў часы сталінскага тэрору. У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года НКВД расстраляў больш за 130 беларускіх дзеячаў культуры і мастацтва.

Спіс дзеячаў Беларусі, расстраляных 29—30 кастрычніка 1937 года. У ім ёсць і Алесь Дудар – паэт, крытык ды перакладчык.

Алесь Дудар

Пераклад быў знойдзены даследчыцай Ганнай Севярынец пад час працы над спадчынай творцы. Ідэя зладзіць «машыну часу» належыць паэту Алесю Плотку.

«Называць нешта ўнікальным муветон, але вяртанне першага беларускага «Анегіна» нельга апісаць іначай. Гэтая акцыя – найменшае, што можна зрабіць для твора і перакладчыка. Гэта не толькі цагліна ў мур беларускай перакладчыцкай справы, але і, мы пэўныя, – пачатак моды на расстраляных паэтаў», – кажуць арганізатары.

Каб усім хапіла месца, арганізатары просяць запоўніць онлайн-фому. Калі планы змяняюцца, то ў форме трэба выправіць «так» на «не». Рэгістрацыя ТУТ.

Арганізатары запрашаюць далучыцца да трансляцыі чытання калегаў з медыяў, бібліятэкаў і ўсіх месцаў, дзе радыя ацалелму беларускаму слову.

belsat.eu

Стужка навінаў