Сфабрыкаваныя справы, нялюдскія катаванні. Як Саветы вынішчалі беларускую культуру


Тры чвэрці беларускіх пісьменнікаў і паэтаў было рэпрэсавана ў часы сталінскага тэрору. У 1937-м годзе ў дачыненні да беларускай інтэлігенцыі НКВД сфабрыкавала справу аб стварэнні імі нацыянал-фашыстскай арганізацыі з мэтай знішчыць савецкую ўладу на Беларусі. Стралялі людзей, палілі рукапісы і кнігі, нішчылі ўсё, што мела дачыненне да беларускасці. Belsat.eu меў магчымасць пабачыць пратаколы допытаў арыштаваных і расстраляных у 37-м годзе беларускіх літаратараў.

Хлопцаў ставілі на калені, прасоўвалі паміж пальцаў аловак і сціскалі руку. Ізраіль Ляплеўскі, наркам НКВД у Менску, асабіста прысутнічаў на допыце і, усведамляючы значнасць справы, важна пытаўся: «Прызнаеце, што састаялі ў фашысцкай арганізацыі?». Пальцы падследнаму сціскалі мацней. «Прызнаеце, што хацелі адлучыць Беларусь ад Савецкага саюзу і прыхінуцца да капіталістычнага Захаду?».

30 ліпеня 1937 году выйшаў загад НКВД аб аперацыі па знішчэнні «антысавецкіх элементаў», які адкрыў шлях жудасным сталінскім рэпрэсіям. 1 жніўня 1937 году ва ўнутраным дворыку «амерыканкі» у Менску ў агні гарэлі рукапісы беларускіх пісьменнікаў.

Пратаколы пад капірку

Збітыя да паўсмерці арыштаваныя падпісвалі ўсе абвінавачванні, а на наступны дзень адмаўляліся ад іх.

Згодна з пратаколамі допытаў, беларускіх пісьменнікаў і паэтаў ў 1937-м годзе абвінавацілі ў падрыхтоўцы ўзброенага паўстання, планах узарваць будынак

Саюзу пісьменнікаў БССР і ўсталяваць на Беларусі фашысцкі рэжым. Копіі пратаколаў збіраў Леанід Маракоў, пляменнік рэпрэсаванага пісьменніка Валерыя Маракова, аўтар даведніка «Рэпрэсаваныя грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі».

З пратаколу допыту пісьменніка Анатоля Вольнага. Пісьменнік прызнаецца ў тым, што з’яўляецца ўдзельнікам нацыянал-дэмакратычнай арганізацыі, якая ставіць сваёй мэтаю стварэнне капіталістычнай дзяржавы з фашысцкай формай улады.

«Дастаткова адзін раз прачытаць гэтыя пратаколы, каб зразумець, што яны напісаны следчымі, і нават не са слоў падследных. Усе яны былі пісьменнікі, добра валодалі словам, ды што казаць, гэтыя пачварныя фармулёўкі хіба маглі належаць літаратарам? Дый пабачце: пратаколы паўтараюцца, блокамі, словамі, выразамі, адное і тое ж у пратаколах розных допытаў» – кажа Ганна Севярынец, пісьменніца, даследчыца беларускай літаратуры.

У пратаколах допытаў таксама называюцца імёны калегаў і паплечнікаў падследных. Выглядае на паперы, быццам яны самі здавалі адзін аднаго, выцягваючы на нізку новых арыштаваных. На практыцы ж, напісаныя ў пратаколах імёны даўно былі вядомыя НКВД з іх уласных крыніцаў. Падследным задавалі пытанні, з кім яны вучыліся ва ўніверсітэце, з кім знаёмыя асабіста. Імёны заносіліся ў пратакол і згаданаму чалавеку прадяўлялася, што ёсць сведка яго прыналежнасці да нацыянал-дэмакратычнай арганізацыі.

«Яны нікога не здавалі, разумееце? Трэба проста забыцца на гэтую фармулёўку датычна тых, хто прайшоў той следчы працэс. Гэта было проста бесчалавечнае катаванне. На паэтаў і пісьменнікаў выклікалі самых жорсткіх следчых, бо па духу пісьменнікі былі нязломныя. Алеся Дудара, прыкладам, з 1 па 3 лістапада дапытваў сам Ляплеўскі, наркам НКВД. Падумайце пра даты: 1 лістапада арышт, 3 лістапада – пратакол прызнальных паказанняў. Ляплеўскі быў вядомы звер. Уявіце сабе, наркам, заняты чалавек, але прыходзіў на допыты, вёў іх, бо гэта была вельмі важная справа – знішчэнне нацыянальнай інтэлігенцыі. Таму не саромеліся ў сродках. Людзі пасля катаванняў ужо і не бачылі і не ведалі, што падпісваюць», – кажа Ганна Севярынец.

Дапытвалі пісьменнікаў канвеерам: адзін падследны, некалькі следчых. Падследнага «ставілі на канвеер» і дапытвалі двое, трое, пяць сутак, без ежы, вады. Не давалі ані сесці, ані спаць. Пра падрабязнасці катаванняў стала вядома ўжо з пратаколаў допытаў саміх следчых. Іх пазней таксама расстралялі за жорсткасць і перавышэнне паўнамоцтваў.

З пратаколу допыту пісьменніка Анатоля Вольнага. Беларускіх «нацыяналістаў» прымушалі прызнавацца ў сувязях з такой жа фашысцкай арганізацыяй ва Украіне.
З пратаколу допыту пісьменніка Анатоля Вольнага. Пісьменнік кажа, што мэтай арганізацыі было аднавіць беларускую дзяржаўнасць у этнаграфічных межах.
З пратаколу допыту пісьменніка і журналіста Міхася Багуна. Пісьменнік кажа, што рыхтавалася паўстанне моладзі і сялянаў супраць савецкай улады. На першым допыце Міхась Багун падпісвае ўсё, што напісана ў пратаколе. На другім – адмаўляецца ад усіх сваіх сведчанняў.
З пратаколу допыту Уладзіміра Хадыкі. Літаратар кажа, што выступаў супраць рэформы беларускай мовы. На палях копіі пратаколу напісана рукой, што перапісвала пратакол : “пасля катаванняў”.

Пад кожным пратаколам – акт аб знішчэнні літаратуры, кніжак, што ў арыштаваных забіралі пры вобшуку.

Акт аб знішчэнні усей літаратуры, вынятай пры вобшуку ў пісьменніка Валерыя
Маракова.

Выпадковых людзей там не было

Пісьменнікі і інтэлігенцыя, што траплялі за краты і пад расстрэл у 1937-м годзе, даўно былі «пад шапкай» у НКВДшнікаў. За імі сачылі з 1927-га году, з той пары, як нацыянальная ідэнтычнасць народаў СССР стала для Сталіна пагрозай яго палітычнаму курсу. Маладая беларуская інтэлігенцыя ў

напружанні і адчаі назірала за тым, як перамены паварочваліся ў катастрофу для беларускай нацыі. Яны спадзяваліся, што рэвалюцыя прынясе беларусам лепшую будучыню, а яна нішчыла іх планы.

«На пачатку ўсе яны шчыра, непрыдумана ўсхвалялі рэвалюцыю. Больш сталыя разумелі, да чаго гэта вядзе, і бачылі іншае развіццё падзеяў, як Купала, напрыклад. Але моладзь, якую расстралялі ў 37-м, падчас рэвалюцыі была ва ўзросце 17-25 гадоў. Гэта такі час, калі ты па прыродзе сваёй прагнеш пераменаў. Усе абрыдлае, старое, што бачыў у сваім паднявольным жыцці беларус, рушыцца, і гэта добра», – распавядае Ганна Севярынец.

Дэпрэсіўныя настроі ў асяроддзі беларускіх пісьменнікаў пачаліся прыкладна ў 1926-м годзе, калі самым прадбачлівым стала зразумела, што нацыянальнае пытанне Сталін будзе вырашаць вынішчэннем культураў і моваў. З дакументаў, што дзівам трапілі ў агульнадаступныя архівы, на гэты час вядомыя прынамсі дзве падрабязныя дакладныя запіскі пра нацыяналістычныя настроі сярод беларускай інтэлігенцыі. Іх напісаў адзін з так званых экспертаў з пытанняў літаратуры пры НКВД, якіх бралі з сабой на вобшукі, якія прысутнічалі тайна ці яўна на сустрэчах літаратараў і пільна сачылі за тым, хто і што кажа.

Ва ўспамінах Масея Сяднёва, Яўгена Ціхановіча, Станіславы Плашчынскай, у шматлікіх сведчаннях ёсць прозвішчы такіх агентаў: Айзік Кучар, Эдуард Самуйлёнак, Лука Бэндэ. Усе нацдэмаўскія, контррэвалюцыйныя думкі, выказванні, запісваліся і складаліся ў стол, чакалі сваёй пары. Нацдэмаўскім, напрыклад, мог лічыцца верш, дзе быў радок кшталту «маці мая, Беларусь» або «мая радзіма Беларусь».

«Але ж нашыя хлопцы дазвалялі сабе і значна большае. Яны выступалі ў прэсе, казалі, што нам не патрэбнае «пазаддзе» братняй расейскай культуры. Чаму мы карыстаемся аб’едкамі свайго ўсходняга суседа, а не ставім свае п’есы, здымаем свае фільмы, а прывозім сюды рускую культуру? Гэта адкрыта пісалі ў прэсе Міхась Зарэцкі і Алесь Дудар» – кажа Ганна Севярынец.

Алеся Дудара, Міхася Зарэцкага і Анатоля Вольнага зрабілі самымі злоснымі нацыяналістамі і кіраўнікамі так званай нацыял-фашысцкай арганізацыі. Усе былі расстраляныя ўвосень 1937-га. Знакаміты расстрэльны «сталінскі спіс» з іх імёнамі быў падпісаны асабіста Сталіным яшчэ да суда 15 верасня 1937 года.

З «Дзённіка» Кузьмы Чорнага.

«Іх катавалі вельмі жорстка, але я сапраўды не вельмі разумею, навошта. Усё, што трэба было для выраку, следчыя пазапісвалі ў пратаколы без усялякіх допытаў. Потым ужо, калі судзілі следчых, былі паказанні, што следчы Быхоўскі, прыкладам, пісаў фальшывая пратаколы, і толькі потым выклікаў падследнага, каб выбіць з яго не паказанні нават – адное подпіс. А потым – толькі расстрэл, бо як мінімум нельга было пакідаць сведкаў таго, што там, у турме, рабілася. Стралялі ўсіх, бо ведалі, што калі есць нацыянальная інтэлігенцыя, дай ім хоць маленькую магчымасць, яны будуць развівацца, нешта рабіць» – кажа Ганна Севярынец.

З пратаколу допыту пісьменніка Валерыя Маракова. Ён прызнае, што вербаваў у нацыянал-дэмакратычную арганізацыю ўсіх, хто быў чымсьці «пакрыўджаны».
З пратаколу допыту пісьменніка Валерыя Маракова. Ён сведчыць, што беларускія нацыяналісты мелі сувязь з украінцамі, і разам прапагандавалі братэрства і блізкасць абодвух народаў.
З пратаколу допыту пісьменніка Сымона Баранавых. Ён называе свой пераклад з паэзіі ў прозу верша Я.Купалы «Зязюлька кукавала» нацыяналістычным творам.
З пратаколу допыту Дзмітрыя Астапенкі. Пісьменнік прызнаецца ў нацыянал- фашысцкай дзейнасці.
З пратаколу допыту Дзмітрыя Астапенкі. Сцвярджаецца, што ён нібыта меў намер разваліць калгасы і саўгасы і перадаць фабрыкі і заводы ў рукі беларускіх і польскіх капіталістаў.

Вераніка Уладзімірава, belsat.eu

Стужка навінаў